Беларусь ацаніла сваю шкоду ад аварыі на ЧАЭС у 235 млрд. даляраў

24.03.2011 12:34
Архив Редакция

Шкода, нанесеная Беларусі чарнобыльскай катастрофай, у разліку на 30-гадовы перыяд пераадолення яе наступстваў ацэньваецца ў 235 млрд. даляраў. Такія дадзеныя вынікаюць з апублікаваных у сераду, 23 сакавіка, матэрыялаў дэпартаменту па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі.

Як адзначаецца ў дакуменце, у структуры агульнай шкоды за 1986-2015 гады найбольшую долю (81,6% або амаль 192 млрд. даляраў) займаюць выдаткі, звязаныя з падтрыманнем працы вытворчасці і ажыццяўленнем ахоўных мераў.

На долю прамых і ўскосных стратаў эканомікі краіны прыпадае каля 30 млрд. даляраў (12,6%).

Выпушчаная выгада пры гэтым ацэньваецца дэпартаментам ў 13,7 млрд. даляраў (5,8%). Пры гэтым у міністэрстве па надзвычайных сітуацыях адзначылі, што з сельскагаспадарчага звароту было выведзена больш за дзве тысячы квадратных кіламетраў сельгасугоддзяў краіны. З карыстання таксама выведзена 22 радовішчы мінеральна-сыравінных рэсурсаў.

Акрамя таго, з правядзення геолагавыведачных працаў была выключаная тэрыторыя Прыпяцкай нафтагазаноснай вобласці, рэсурсы якой ацэненыя ў 52,2 млн. тон нафты, адзначаецца ў дакуменце.

Каля чвэрці ляснога фонду Беларусі (17,3 тыс. квадратных кіламетраў лесу) падверглася радыёактыўнаму забруджванню, гаворыцца ў дакуменце. У зоне забруджвання знаходзіцца каля 340 прамысловых прадпрыемстваў, умовы функцыянавання якіх істотна пагоршыліся, альбо іх праца спыніліся, паведамілі ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях.

Акрамя таго, у дакуменце адзначаецца, што праведзеная ацэнка шкоды ад аварыі на ЧАЭС не з’яўляецца канчатковай.

Как вам новость?