Беларусь адаслала ў Расію на тушэнне пажараў спецтэхніку і верталёт

05.08.2010 13:26
Архив Редакция

Калона спецтэхнікі і верталёт Мі-8 Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі адправіліся 5 жніўня з аэрадрому "Ліпкі" ў Разань для аказання дапамогі ў тушэнні лясных і тарфяных пажараў. Акрамя таго, для аказання дапамогі Расіі ў тушэнні лясных і тарфяных пажараў быў сфармаваны зводны атрад МНС Беларусі.

У склад зводнага атраду ўвайшло 20 пажарных аварыйна-выратавальных машын павышанай праходнасці ў суправаджэнні пяці аўтамабіляў-абслугоўвальнікаў і 150 ратавальнікаў, а таксама верталёт Мі-8 авіяцыі МНС, абсталяваны вадазліўной прыладай, перадае БелТА.

З аэрадрому «Ліпкі» адправілася частка калоны спецтэхнікі, у складзе якой аўтамабілі з Берасцейскай, Мінскай і Гарадзенскай абласцей. У Оршы да іх далучыцца другая частка калоны з аўтамабіляў падраздзяленняў МНС Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей, адтуль ўсе машыны накіруюцца ў Разань.

Далей будзе прынята рашэнне аб тым, у якіх менавіта рэгіёнах Расіі дапамога беларускіх ратавальнікаў будзе найбольш неабходная. Камандзіроўка беларускіх ратавальнікаў разлічана на два тыдні, але ў залежнасці ад сітуацыі яна можа быць прадоўжана.

Як адзначыў, праводзячы калону, першы намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Валянцін Карпіцкі, зводны атрад сфармаваны па даручэнні ўрада Беларусі і ва ўзгадненні з расійскім бокам. «Сітуацыя з пажарамі ў Расіі вельмі складаная, там зарэгістравана больш за 24 тыс. ачагоў агульнай плошчай звыш 700 тыс. гектараў, і справіцца сваімі сіламі расійскім выратавальнікам вельмі складана», — падкрэсліў Валянцін Карпіцкі.

Разам з тым першы намеснік міністра падкрэсліў, што ў Беларусі праз спёку таксама складаецца няпростая сітуацыя з ляснымі і тарфянымі пажарамі. «Аднак ўдаецца знаходзіць і ліквідаваць узгаранні на пачатковым этапе, — адзначыў Валянцін Карпіцкі. — Падраздзяленні МНС працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, а авіяцыя МНС ўдвая павялічыла колькасць аблётаў тэрыторыяў, дзе найбольш верагодна ўзнікненне пажараў. Усе прынятыя прэвентыўныя меры дазваляюць утрымліваць сітуацыю пад кантролем».

Як ужо паведамляў Тэлеграф, раней Беларусь прапанавала Расіі дапамогу ў тушэнні пажараў і аднаўленні жылля для пагарэльцаў. Як распавёў прэс-сакратар расійскага прэм’ер-міністра Дзмітры Пяскоў, прапанову аб дапамозе агучыў прэм’ер Беларусі Сяргей Сідорскі.

Как вам новость?
Головоломки