Беларусь адзначае 600-ю гадавіну Грунвальдскай бітвы

15.07.2010 14:34
Архив Редакция

15 ліпеня 2010 года ў Беларусі, Польшчы, Літве, Чэхіі, Германіі і іншых краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы адзначаюць 600-годдзе з дня Грунвальдскай бітвы. Гэтая бітва стала знамянальнай не толькі праз тое, што менавіта дзякуючы перамозе саюзных войскаў пад Грунвальдам была спыненая агрэсія рыцараў Тэўтонскага ордэна на ўсход.

Але яшчэ і праз тое, што гэтая бітва з’яднала суседнія народы, плячо да пляча паставіла польскіх, літоўскіх, беларускіх, рускіх, татарскіх і чэска-мараўскі ваяроў, аб’яднаўшы іх сілы ў барацьбе з агульным праціўнікам.

Маладое пакаленне памятае і шануе памяць аб той доблеснай бітве. З 1998 года на тэрыторыі Польшчы праводзіцца рэканструкцыя Грунвальдскай бітвы, у якой традыцыйна прымаюць удзел вайскова-гістарычныя клубы з Расіі, Чэхіі, Літвы, Беларусі і іншых краін. Гэты год не стаў выключэннем. І хаця самыя розныя мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею бітвы, пачалі праводзіць яшчэ з вясны, усе з нецярпеннем чакаюць кульмінацыі святкаванняў — самой бітвы.

Сёлета асацыяцыя ваенна-гістарычных клубаў Польшчы для ўдзелу ў рэканструкцыі бітвы ўпершыню запрасіла і членаў ваенна-гістарычнага клуба «Віцязь» Нацыянальнага музея Татарстана. У 1410 годзе татарскія ваяры змагаліся пад Грунвальдам начале з  сынам хана Тахтамыша Джэлал ад-Дзін. Менавіта яны пачалі бітву, першымі атакаваўшы ордэнскую артылерыю.

На Грунвальдскіх палях (Варміньска-Мазурскае ваяводства Польшчы) ужо разгорнуты сапраўдны сярэднявечны лагер, паведамляе РИА «Новости». Праводзяцца традыцыйныя кірмашы, дзе можна купіць зброю, упрыгожанні, адзенне, вырабленыя па сярэдневечных узорах, а таксама паласавацца стравамі сярэднявечнай кухні. Рыцары ў бліскучых даспехах, дзяўчаты ў сярэднявечных чапцах, рамеснікі і купцы радасна вітаюць гасцей і шматлікіх турыстаў.

Лагер на Грунвальдскім полі прастаіць да канца тыдня. Тут пройдуць турніры па стральбе з лука, сутыкненнях з доўгім мячом і групавыя спаборніцтвы.

Афіцыйнае адкрыццё адбылося ў Кракаве

Афіцыйнае адкрыццё святкаванняў адбылося сёння (15 ліпеня) у Кракаве на плошчы Яна Матэйкі ля Грунвальдскага помніка.

Літоўскі прэзідэнт Даля Грыбаўскайтэ і абраны кіраўнік Польшчы Браніслаў Камароўскі прынялі ўдзел ва ўрачыстасцях і ўсклалі на Вавелі вянок да магілы польскага караля Уладзіслава Другога Ягайлы, пад камандаваннем якога разам з Вялікім князем літоўскім Вітаўтам польска-літоўскія войскі разграмілі рыцараў Тэўтонскага Ордэна.

Аднак асноўныя мерапрыемствы ў Польшчы пачнуцца ў 14:00 па сярэднееўрапейскім часе (15:00 па беларускім часе). На Грунвальдскім полі запланавана выступленне кіраўніка польскага Сейму Браніслава Камароўскага. Ва ўрачыстасцях таксама прымуць удзел кіраўнікі Малдовы і Румыніі і старшыня Еўрапарламенту Ежы Бузек.

Увечары а 21:00 у замку ў Мальбарку пачнецца тэатралізаванае гістарычнае прадстаўленне «Бандэрыя 1410».

У Беларусі да гадавіны Грунвальдскай бітвы знялі дакументальны фільм

У Беларусі таксама па-свойму адзначаюць знамянальную падзею. Напрыклад, 6 ліпеня, у Мінскім архікафедральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі адбылося асвячэнне сцягоў, пад якімі беларуская дэлегацыя ўдзельнічае ў Польшчы ў святочных мерапрыемствах, паведамляе «Российская газета».

З панядзелка Першы канал беларускага тэлебачання паказвае дакументальны серыял, прысвечаны Грунвальдскай бітве, здымкі якога праходзілі на тэрыторыі Беларусі і Польшчы.

9 ліпеня ў Мінску ў дворыку Літаратурнага музея Максіма Багдановіча адбылося адкрыццё мастацкай выставы «Грунвальд праз імглу часу». У гэты ж дзень у Мінску прайшла прэзентацыя манаграфіі доктара гістарычных навук Юрыя Бохана «ваяры Грунвальдскай бiтвы», якая выйшла ў сталічным выдавецтве «Беларусь».

Как вам новость?
Головоломки