Беларусь амаль удвая зменшыла імпарт нафты

14.05.2010 14:35
Архив Редакция

У нацыянальным статыстычным камітэце паведамілі, што імпарт расійскай нафты ў Беларусь у першым квартале зменшыўся да крыху больш, чым трох мільёнаў тон. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года зніжэнне імпарту нафты склала 43,2%. У выніку на 38,4% зменшыла аб'ёмы вытворчасці і нафтаперапрацоўчая галіна.

Акрамя таго, Беларусь рэзка зменшыла і імпарт нафтапрадуктаў. У студзені-сакавіку 2010 года краіна імпартавала 111,7 тыс. тон нафтапрадуктаў, што на 89% менш, чым у першым квартале мінулага года, паведамляе АФН.
Пры гэтым кошт расійскай нафты ў студзені-сакавіку складаў 368 даляраў за тону (у параўнанні з першым кварталам 2009 года ён павялічыўся на 50,7%), і нафтапрадукты Беларусь купляла па кошце 537 даляраў за тону, што ў 2,2 разы даражэй, чым летась.
У першым квартале зменшыўся на 39,1% і экспарт нафтапрадуктаў: ён склаў 2,24 млн. тон па кошце 553 даляры за тону (рост кошту склаў 51,5%).
Нафтаперапрацоўчая прамысловасць Беларусі ў студзені-красавіку 2010 года зменшыла аб’ём вытворчасці на 38,4% у параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года да 6,9 трлн. рублёў. Пры гэтым у красавіку 2010 года ў параўнанні з красавіком 2009 года вытворчасць зменшылася на 32,6%, а ў параўнанні з сакавіком 2010 года павялічылася на 10,3%.
Беларусь павялічыла імпарт газу на 86%
У першым квартале 2010 года Беларусь імпартавала 6,4 млрд. кубаметраў прыроднага газу, што на 86% перавышае паказчыкі за аналагічны перыяд 2009 года, праінфармавалі ў Белстаце. Пры гэтым сярэдні кошт расійскага газу захоўваўся на ўзроўні 171 даляры за тысячу кубаметраў, што на 19,8% менш, чым у першым квартале мінулага года.
Знешняя пратэрмінаваная запазычанасць за прыродны газ па стане на першага красавіка павялічылася да 270,6 млрд. рублёў (больш 90 млн. даляраў). На першага сакавіка пратэрмінаваны доўг Беларусі перад «Газпромам» складаў 144,1 млрд. рублёў, у той час як на першага лютага і на пачатак года адсутнічаў.

Как вам новость?
Головоломки