Беларусь апусцілася на 155-е месца ў рэйтынгу эканамічных свабодаў

12.01.2011 15:47
Архив Редакция

Беларусь у штогадовым рэйтынгу эканамічных свабодаў, складзеным амерыканскім даследчым цэнтрам Heritage і газетай The Wall Street Journal, апусцілася з 150-й пазіцыі на 155-ю, размясціўшыся па суседстве з такімі краінамі як Мальдывы і Лесота. Годам раней па ўзроўні эканамічнай свабоды Беларусь знаходзілася паміж Сан-Томэ і Прынсіпі і Экватарыяльнай Гвінеяй.

Сярод еўрапейскіх краін Беларусь заняла 42-е месца з 43-х, апярэдзіўшы толькі Украіну. Агульная ацэнка эканамічнай свабоды ў Беларусі складае 47,9 бала, што на 0,8 бала горш, чым у 2010 годзе. Як адзначылі эксперты, гэта выклікана пагаршэннем сітуацыі ў пяці з дзесяці эканамічных свабод (свабодзе бізнэсу, фіскальнай свабодзе, удзеле ўрада, манетарнай волі, свабодзе працы). Пры гэтым рост зафіксаваны толькі па адным пункце — свабодзе ад карупцыі.

Акрамя вышэйпералічаных эканамічных свабод, рэйтынг вызначаюць свабода гандлю, свабода інвестыцый, фінансавая свабода, правы уласнасці. «Хоць у Беларусі былі дасягнуты нязначныя поспехі па дэрэгуляванні, значны зрух у бок больш ліберальнай эканамічнай палітыкі не быў прыярытэтным. Карупцыя застаецца шырока распаўсюджанай з’явай, і забеспячэнне правоў уласнасці ўскладзена на неэфектыўную судовую сістэму і бюракратыю, што адымае многа часу. Дзяржаўнае ўмяшанне ў прыватны сектар па-ранейшаму аслабляе грашовую свабоду, свабоду інвестыцый і фінансавую свабоду», — адзначылі аўтары рэйтынгу.

Усяго ў рэйтынг увайшлі 183 краіны (па чатырох з іх у экспертаў няма дадзеных). Лідары рэйтынгу (у дужках паказаны месцы і балы ранейшага рэйтынгу):

1 (1). Ганконг — 89,7 (89,7)
2 (2). Сінгапур — 87,2 (86,1)
3 (3). Аўстралія — 82,5 (82,6)
4 (4). Новая Зеландыя — 82,3 (82,1)
5 (6). Швейцарыя — 81,9 (81,1)
6 (7). Канада — 80,8 (80,4)
7 (5). Ірландыя — 78,7 (81,3)
8 (9). Данія — 78,6 (77,9)
9 (8). ЗША — 77,8 (78,0)
10 (13). Бахрэйн — 77,7 (76,3)

Рэйтынгі краін былога СССР:

14 (16). Эстонія — 75,2 (74,7)
24 (29). Літва — 71,3 (70,3)
29 (26). Грузія — 70,4 (70,4)
36 (38). Арменія — 69,7 (69,2)
56 (50). Латвія — 65,8 (66,2)
78 (82). Казахстан — 62,1 (61,0)
83 (80). Кыргызстан — 61,1 (61,3)
92 (96). Азербайджан — 59,7 (58,8)
120 (125). Малдова — 55,7 (53,7)
128 (128). Таджыкістан — 53,5 (53,0)
143 (143). Расія — 50,5 (50,3)
163 (158). Узбекістан — 45,8 (47,5)
164 (162). Украіна — 45,8 (46,4)
169 (171). Туркменістан — 43,6 (42,5)

Суседка Беларусі Польшча размясцілася на 68-й пазіцыі (64,1), падняўшыся ў рэйтынгу з 71-й (63,2). На апошнім месцы, як і годам раней, размясцілася КНДР з адным балам.

Как вам новость?