Беларусь атрымала ад Расіі тэрміновы заказ на 40 тыс. тон бульбы

20.08.2010 15:38
Архив Редакция

Беларуская асацыяцыя вытворцаў бульбы і плодаагародніннай прадукцыі "Бульбаплодгародніна" і Белкаапсаюз атрымалі тэрміновы заказ на пастаўку ў расійскія рэгіёны 40 тыс. тон бульбы. Цяпер вызначаюцца арганізацыі з высокім узроўнем вытворчасці бульбы, якія могуць адгрузіць яе на працягу верасня-кастрычніка вялікімі партыямі (не менш за тысячу тон на сельгаспрадпрыемства).

«Раней планавалася ў сезон 2010-2011 экспартаваць не менш за 50 тыс. тон бульбы і 20 тыс. тон агародніны. Гэтыя аб’ёмы ўжо закантрактаваны спецыялізаванымі гаспадаркамі, якія ўваходзяць у склад асацыяцыі. Але ў сувязі з неўраджаем бульбы і гароднінных культур у цэнтральнай частцы Расіі патрэба ў іх паўстала ўжо сёння. Расійскія аптовыя кампаніі гатовыя закупіць прадукты, не чакаючы заканчэння закладкі на міжсезонне», — растлумачыў генеральны дырэктар асацыяцыі «Бульбаплодгародніна» Аляксандр Яраховіч.

На думку спецыяліста, закупкі бульбы ўзрастуць у некалькі разоў, паведамляе БелТА.

«Вядома, у першую чаргу гаспадаркі павінны нарыхтаваць бульбу для ўнутраных патрэбаў Беларусі і закласці ў стабілізацыйныя фонды не менш за 54,8 тыс. тон, а ўжо потым адгружаць на экспарт. Але сёлета ўсе ўмовы дыктуе рынак. Ураджай бульбы ў Беларусі выдаўся неблагі, выразна праглядаюцца свабодныя рэсурсы. Ёсць упэўненасць, што будуць забяспечаны ўнутраныя запасы, таму складаюцца графікі экспартных паставак. Дзясяткі вялікагрузных аўтамабіляў ужо стаяць у чаканні бульбы», — адзначае Аляксандр Яраховіч.

Дасягнута дамоўленасць з дэпартаментам харчовых рэсурсаў урада Масквы аб пастаўцы бульбы, морквы і цыбулі. У Маскву плануюць экспартаваць 20 тыс. тон бульбы і 10 тыс. тон агародніны. Частку прадукцыі беларускія гаспадаркі могуць адгружаць самастойна, па прамых дамовах.

Больш за 30 тыс. тон бульбы і 10 тыс. тон агародніны накіруюць у Санкт-Пецярбург, Мурманск, Калінінград, Карэлію.

Разам з адгрузкай прадукцыі ў Расію, асацыяцыя мае намер арганізаваць пастаўкі ў Малдову, Украіну і Татарстан. У прыватнасці, ужо прапрацаваны і ўзгоднены пытанні і ўмовы пастаўкі бульбы ў Херсон і Крым.

Как вам новость?