Беларусь азнаёміць крыміналістаў АБСЕ са справай аб смерці Бябеніна

09.09.2010 13:30
Архив Редакция

Беларусь плануе запрасіць экспертаў-крыміналістаў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) для азнаямлення з матэрыяламі справы аб смерці журналіста Алега Бябеніна. Пра гэта паведаміў 9 верасня прэс-сакратар міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных.

Па словах прадстаўніка МЗС, адпаведную заяву Беларусь зробіць на пленарным паседжанні Пастаяннай рады АБСЕ, якое адбудзецца 9 верасня, перадае БелТА. Андрэй Савіных выказаў упэўненасць у тым, што бесстароннія высновы замежных экспертаў «дазволяць выключыць неаб’ектыўныя ацэнкі і тэндэнцыйныя тлумачэнні ходу і вынікаў расследавання».

«Запрашэнне экспертаў АБСЕ — гэта беспрэцэдэнтны крок у юрыдычнай практыцы не толькі Беларусі, але і іншых дзяржаваў Еўропы. Ён прадыктаваны нашай заклапочанасцю ў сувязі з узнікненьнем розных неабгрунтаваных спекуляцыяў і інсінуацыяў, якія пачалі з’яўляцца не толькі ў СМІ, але і ў заявах асобных прадстаўнікоў міжнародных структураў», — заявіў Андрэй Савіных.

Пры гэтым прэс-сакратар МЗС звярнуў асаблівую ўвагу краін-удзельніц АБСЕ на тое, што кампетэнтныя органы Беларусі максімальна адказна падышлі да правядзення расследавання, усё было зроблена ў строгай адпаведнасці з законам, на ўзроўні агульнапрынятых сусветных стандартаў.

Акрамя таго, у сваім выступе Андрэй Савіных выказаў спачуванне ў сувязі са смерцю журналіста і падкрэсліў, што нельга забываць пра тое, што смерць чалавека — гэта заўсёды трагедыя.

Как вам новость?
Головоломки