Беларусь будзе плаціць Расіі 46 даляраў за тону нафты

26.01.2011 09:45
Архив Редакция

Канцэрн "Белнафтахім" 25 студзеня падпісаў з расійскімі пастаўшчыкамі кантракт на пастаўкі нафты на нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ) Беларусі, пагадзіўшыся на ўмовы расійскага боку. Як паведамілі ў канцэрне, у студзені нафта з Расіі будзе пастаўляцца з прэміяй да кошту ў памеры 6,3 даляра за барэль, або 46 даляраў за тону нафты.

Генеральны дырэктар «Гомельтранснафта Дружба» Сяргей Сасноўскі 25 студзеня паведаміў, што да канца студзеня кампанія плануе прапампаваць больш за 200 тыс. тон расійскай нафты для Мазырскага НПЗ. Па словах Сяргея Сасноўскага, у цяперашні час пастаўкі нафты ідуць у адпаведнасці з графікам, перадае БелТА.

Як раней перадаваў Тэлеграф, у аўторак, 25 студзеня, расійская кампанія «Транснафта» аднавіла прапампоўку нафты ў Беларусь. Гэта стала магчымым пасля падпісання беларускімі НПЗ і расійскімі пастаўшчыкамі кантрактаў на пастаўкі нафты ў 2011 годзе.

Аператар трубаправодаў прыпыніў экспарт расійскай нафты ў Беларусь з 1 студзеня, 25 студзеня ў 16:50 аднавіліся пастаўкі нафты на беларускае прадпрыемства «Нафтан», а ў 17:00 — на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, паведаміў прэс-сакратар «Транснафты» Ігар Дзёмін.