Беларусь дамагаецца пераліку цаны на газ на 2011 год

16.12.2010 15:09
Архив Редакция

Беларусь разлічвае адкарэктаваць формулу цаны на расійскі газ на 2011 год. Пра гэта паведаміў 16 снежня генеральны дырэктар ААТ "Белтрансгаз" Уладзімір Маёраў. Паводле яго слоў, Беларусь мае намер працягнуць перамовы з Расіяй па гэтым пытанні, кіруючыся дамоўленасцямі, дасягнутымі ў рамках Мытнага саюза.

Уладзімір Маёраў нагадаў, што 9 снежня краіны Мытнага саюза (Беларусь, Расія і Казахстан) падпісалі пагадненне аб прынцыпах доступу да паслуг натуральных манапалістаў, у якім агаворваюцца пытанні цэнаўтварэння і тарыфнай палітыкі. Нягледзячы на тое, што пагадненне яшчэ не ўступіла ў сілу, закладзеныя ў ім прынцыпы цэнаўтварэння будуць улічвацца пры ўстанаўленні цэнавых параметраў, перадае БелаПАН.

Акрамя таго, па словах Уладзіміра Маёрава, на карэкціроўку цаны на газ на 2011 год павінен таксама паўплываць факт фарміравання Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП). Разам з тым кіраўнік ААТ «Белтрансгаз» не гатовы размаўляць пра канкрэтную цану на газ да падпісання дадатковага пагаднення Беларусі і Расіі да базавага кантракту ад 2006 года. У цяперашні час ідзе перамоўны працэс, абмяркоўваюцца і вырашаюцца ўсе нюансы дадзенага дадатковага пагаднення.

«Белтрансгаз» мае намер застацца аператарам газаправода «Ямал-Еўропа»

Уладзімір Маёраў таксама паведаміў, што ААТ «Белтрансгаз» па-ранейшаму будзе выступаць аператарам газаправода «Ямал-Еўропа», нягледзячы на стварэнне даччынага прадпрыемства «Газпрому» ў Беларусі. Па словах кіраўніка ААТ «Белтрансгаз», прадпрыемства не атрымлівала афіцыйнага паведамлення аб функцыях і задачах створанага прадпрыемства, перадае БелТА.

«Улічваючы існуючыя міжурадавыя пагадненні, дамоўленасці і пратаколы пры будаўніцтве газаправода «Ямал-Еўропа», дамоўленасці і пратаколы пры стварэнні «Белтрансгаза»іі яго акцыянаванні, мы ўпэўненыя, што «Белтрансгаз» не страціць аператарскія функцыі ў адносінах да гэтага газаправода», — заявіў гендырэктар беларускага прадпрыемства.

Уладзімір Маёраў таксама заявіў, што падзення транзіту прыроднага газу праз газаправод «Ямал-Еўропа» ў 2011 годзе не будзе. Чакаецца, што аб’ём транзіту прыроднага газу ў 2011 годзе складзе не менш за 44-45 млрд. кубаметраў. Кіраўнік ААТ «Белтрансгаз» падкрэсліў, што Беларусь прыкладае ўсе намаганні, каб максімальна задзейнічаць газаправод.

Как вам новость?
Головоломки