Беларусь гатова павялічыць пастаўкі калійных угнаенняў у В'етнам

13.05.2010 22:30
Архив Редакция

Беларусь гатовая павялічыць пастаўкі калійных угнаенняў у В'етнам да 300 тыс. тон. Пра гэта заявіў 13 траўня прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на сустрэчы з прэзідэнтам В'етнама Нгуен Мінь Чыетам. "Мы гатовыя значна павялічыць пастаўкі калійных угнаенняў на в'етнамскі рынак і давесці іх да 300 тыс. тон у наступным годзе", — сказаў беларускі прэм'ер.

«Мы з задавальненнем адзначаем, што актыўна працуе зборачная вытворчасць МАЗаў у В’етнаме, і спадзяемся, што цяперашнія перамовы створаць добрую аснову для працы Мінскага маторнага заводу, які гатовы ўдзельнічаць у дзяржаўнай праграме В’етнама па замене бензінавых рухавікоў на дызельныя», — цытуе БелТА словы Сяргея Сідорскага. 
Прэм’ер-міністр Беларусі пацвердзіў, што гэтыя працы будуць выкананыя беларускім бокам «на самым высокім узроўні і В’етнам будзе забяспечаны якаснымі рухавікамі для машын в’етнамскай арміі і прамысловасці». 
Сяргей Сідорскі нагадаў, што 14 траўня ў Мінску пройдзе беларуска-в’етнамскі прамысловы форум, да якога спецыялісты падрыхтавалі розныя напрацоўкі па магчымых напрамках пашырэння супрацоўніцтва, да прыкладу, паставак трактароў «Беларус» у В’етнам. «Мы разлічваем, што значна пашырыцца шэраг тых трактароў, якія могуць выкарыстоўвацца на палях В’етнама. Акрамя таго, прапануем значна пашырыць пастаўкі кар’ернай тэхнікі і шынаў для вялікагрузных аўтамабіляў», — сказаў прэм’ер. 
Па словах беларускага прэм’ера, сярод прапановаў дзелавых колаў В’етнама — перапрацоўка морапрадуктаў на беларускіх прадпрыемствах, пастаўкі тэхнічнай прадукцыі, якая можа выкарыстоўвацца ў Беларусі, Мытным саюзе. «Гэтыя прапановы абмяркоўваліся сёння на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў, і мы ва ўрадзе гатовыя адпрацаваць гэтыя схемы, якія будуць зручныя і карысныя для в’етнамскай эканомікі», — запэўніў Сяргей Сідорскі. 
У цэлым прэм’ер-міністр Беларусі лічыць, што такія кантакты, якія суправаджаюцца падпісаннем новых дакументаў і кантрактаў, будуць спрыяць развіццю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і В’етнама ў гандлі, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, фінансавым супрацоўніцтве, у галіне бяспекі.

Как вам новость?