Беларусь і Германія абмяркуюць праграму ваеннага супрацоўніцтва

16.11.2010 16:59
Архив Редакция

У Мінску 16 і 17 лістапада пройдуць кансультацыі прадстаўнікоў міністэрства абароны Беларусі і федэральнага міністэрства абароны Германіі. Бакі падвядуць вынікі ваеннага супрацоўніцтва ў 2010 годзе, а таксама абмяркуюць праграму двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва на 2011 год і праграмы дапамогі па ваенным навучанні на 2010-2011 і 2011-2012 навучальныя гады.

Як паведамілі ў міністэрстве абароны Беларусі, нямецкую дэлегацыю ўзначаліць палкоўнік Генеральнага штаба міністэрства абароны Германіі Франц Бергер.

У 2010 годзе ў рамках праграмы двухбаковага супрацоўніцтва ваенныя ведамствы дзвюх краін правялі 11 сумесных мерапрыемстваў. Прадстаўнікі ўзброеных сіл Беларусі па запрашэннях розных нямецкіх арганізацый прынялі ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў на тэрыторыі Германіі. Беларускія вайскоўцы таксама ўдзельнічалі ў навукова-практычных канферэнцыях, выставах, музычных фестывалях і іншых мерапрыемствах.
    
Беларусь і Расія будуць развіваць ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва

Разам з тым, 11-12 лістапада 2010 года ў Новалукомлі Віцебскай вобласці адбылося чарговае пасяджэнне беларуска-расійскай міжурадавай камісіі па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве. Згодна з падпісаным выніковым пратаколам сумеснага пасяджэння, бакі пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць у далейшым развіцці ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва.

Як паведамілі ў дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэце Беларусі, адной з асноўных тэмаў пасяджэння стала ўдасканаленне нарматыўнай прававой базы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва і ў прыватнасці падрыхтоўка механізму рэалізацыі Дамовы паміж Беларуссю і Расіяй аб развіцці ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, падпісанай 10 снежня 2009 года. Пасля ўступлення дамовы ў законную сілу бакі правядуць ўнутрыдзяржаўныя працэдуры ўзгаднення нарматыўных прававых актаў. Так, у цяперашні час праводзіцца працэдура ратыфікацыі дамовы ў Расіі. У Беларусі дакумент быў ратыфікаваны 15 ліпеня 2010 года.

Акрамя таго, да канца гэтага года бакі плануюць узгадніць адзіныя падыходы па пытанні рэалізацыі пагаднення паміж урадамі Беларусі і Расіі аб вытворчай і навукова-тэхнічнай кааперацыі прадпрыемстваў абаронных галінаў прамысловасці ад 20 траўня 1994 года. У I квартале 2011 года рэкамендацыі, узгодненыя бакамі, плануюць накіраваць беларускім і расійскім прадпрыемствам.

Міжурадавая камісія таксама разгледзела шэраг пытанняў, якія датычацца далейшага супрацоўніцтва абаронных прадпрыемстваў Беларусі і Расіі, рэалізацыі сумесных вытворчых праграмаў, стварэння сумесных прадпрыемстваў і магчымасці ўключэння ў дзяржаўны абаронны заказ Расіі прадукцыі ваеннага прызначэння шэрагу беларускіх вытворцаў. Бакі таксама разгледзелі пытанні заключэння доўгатэрміновых кантрактаў у інтарэсах міністэрства абароны Беларусі на 2011-2015 гады.

Как вам новость?