Беларусь і Казахстан плануюць узгадніць дзеянні па прамбяспецы

15.03.2011 13:30
Архив Редакция

З прычыны адрозненняў нарматыўных базаў краін СНД, міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі плануе вырашаць пытанні супрацоўніцтва ў сферы забеспячэння прамысловай бяспекі на двухбаковым узроўні. Як паведаміў 14 сакавіка начальнік дэпартаменту па наглядзе за бяспекай вядзення работ у прамысловасці МНС Віктар Бароўскі, першае пагадненне аб супрацоўніцтве ў дадзенай сферы плануецца падпісаць з МНС Казахстана.

Па словах Віктара Бароўскага, такія пагадненні дазволяць спрасціць працэдуру, калі беларускім экспертам неабходна абследаваць прадпрыемствы ў Казахстане, якія пастаўляюць сваю прадукцыю ў Беларусь, і наадварот, перадае БелаПАН.

Між тым, 15 сакавіка прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Казахстана Карымам Масімавым заявіў, што Беларусь і Казахстан павінны перайсці ў цэлым на больш высокі ўзровень супрацоўніцтва, перадае БелТА.

Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што Казахстан з’яўляецца стратэгічным партнёрам Беларусі і надалей бакам варта нарошчваць інвестыцыйнае і інавацыйнае супрацоўніцтва. «Мы будзем імкнуцца да таго, каб развіваць і ўмацоўваць ужо наяўныя ўзаемаадносіны», — заявіў беларускі прэм’ер.

Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, у цяперашні час у распрацоўцы знаходзіцца больш за дзесяць сумесных высокатэхналагічных праектаў. Асаблівую ўвагу прэм’ер-міністр звярнуў на магчымасці супрацоўніцтва ў касмічнай сферы. «Магчымасці Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы, якую мы фармуем, дазваляюць вырашаць глабальныя задачы сучаснымі цывілізаванымі метадамі працы», — заявіў Міхаіл Мясніковіч.

Как вам новость?
Головоломки