Беларусь і Кітай падпісалі пагадненні на 3,5 млрд. даляраў

11.10.2010 09:18
Архив Редакция

Беларусь і Кітай падпісалі тры крэдытныя пагадненні, восем камерцыйных кантрактаў і два рамачныя пагадненні па рэалізацыі двухбаковых праектаў у сферы энергетыкі, будаўніцтва, прамысловасці, дарожна-транспартнай інфраструктуры на агульную суму ў 3,5 млрд. даляраў. Цырымонія падпісання адбылася 11 кастрычніка ў Пекіне ў ходзе працоўнага візіту прэзідэнта Беларусі ў КНР.

Прадстаўнікі Беларусі і Эксімбанк Кітая падпісалі рамачнае пагадненне аб фінансаванні прыярытэтных інвестыцыйных праектаў і крэдытных пагадненняў па фінансаванні стварэння інтэлектуальнай транспартнай сістэмы Мінску, электрыфікацыі участкаў чыгункі ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях, паставак грузавых электравозаў, перадае БелТА.

У сваю чаргу, беларускае мінэканомікі і кітайская карпарацыя інжынірынгу САМС падпісалі пагадненне аб стварэнні ў Беларусі сумеснага індустрыяльнага парку. Таксама бакі дамовіліся ажыццявіць шэраг праектаў у прамысловасці і энергетыцы. З дапамогай кітайскіх інвестыцый прадугледжваецца будаўніцтва завода па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы на базе ААТ «Светлагорскі ЦКК» магутнасцю 400 тыс. тон на год, заводаў індустрыяльнага домабудавання і кальцыніраванай соды, электрастанцый ПГУ-400 МВт Бярозаўскай ДРЭС і ПГУ-400 МВт Лукомльскай ДРЭС. Інвестыцыйная дамова з ТАА «Пекін Юні — Канстракшн Груп» прадугледжвае будаўніцтва ў Мінску гатэльнага комплексу «Пекін» з аб’ектамі абслугоўвання.

Акрамя таго, кітайскія кампаніі накіруюць каля 600 млн. даляраў на рэканструкцыю аэравакзальнага комплексу Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Бакі плануюць стварыць сучасны міжнародны пасажырскі тэрмінал, абсталяваць аэрапорт сістэмамі бяспекі і абвяшчэння, пабудаваць другую штучную ўзлётна-пасадачную паласу з магчымасцю прыёму самалёта А-380.

Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка адзначыў, што дадзеныя праекты маюць вялікае значэнне для эканомікі Беларусі. «Мы спадзяемся, што з іх дапамогай зможам дагнаць Кітай, які развіваецца з прыростам ВУП у 11%. Дагнаць ў іншым маштабе, але з добрым тэмпам росту эканомікі», — падкрэсліў ён.

Паводле слоў першага віцэ-прэм’ера, гэтыя праекты выгадныя і Беларусі, і Кітаю. Намеснік кіраўніка ўрада лічыць, што яны дазволяць Беларусі паскорыць дынаміку развіцця, Кітаю — асвоіць еўрапейскі рынак і даказаць грунтоўнасць на еўрапейскім кантыненце. Як паведаміў Уладзімір Сямашка, на дадзены момант закладзены аснова для асваення таксама 100 іншых праектаў з Кітаем на 15 млрд. даляраў. Першы віцэ-прэм’ер выказаў надзею, што падчас візіту ў лістападзе гэтага года ў Беларусь дырэктара Эксімбанка Кітая бакі падпішуць яшчэ шэраг значных дакументаў.

Как вам новость?
Головоломки