Беларусь і Латвія падпісалі пагадненне аб памежным руху

23.08.2010 16:55
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння, 23 жніўня, ухваліў праект пагаднення паміж урадамі Беларусі і Латвіі аб спрошчаным парадку ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторый дзвюх краін і ўпаўнаважыў на яго падпісанне кіраўніка МЗС Беларусі Сяргея Мартынава. Падчас перамоваў, якія прайшлі ў Рызе, кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін падпісалі дадзенае пагадненне аб памежным руху.

Дадзенае пагадненне дазволіць жыхарам прыгранічных раёнаў дзвюх краін наведваць памежныя тэрыторыі суседняй дзяржавы па спрошчанай схеме. Жыхары 50-кіламетровай памежнай зоны змогуць за 20 еўра атрымаць у спрошчаным парадку дазволу тэрмінам дзеяння ад года да пяці гадоў.

У спіс беларускіх населеных пунктаў, на якія распаўсюджваецца дзеянне пагаднення, уваходзяць гарады Браслаў, Верхнядзвінск, Мёры, пасёлак Відзы. З латвійскага боку пад дзеянне пагаднення трапляюць горады Даўгаўпілс, Дагда, Зілупе і Краслава. Пагадненне ўступіць у сілу пасля выканання бакамі адпаведных унутрыдзяржаўных працэдураў.

Акрамя падпісанага пагаднення кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў і яго латвійскі калега Айвіс Роніс абмеркавалі пытанні развіцця беларуска-латвійскага супрацоўніцтва, як на двухбаковым узроўні, так і ў рамках міжнародных арганізацыяў. Так, асаблівую ўвагу міністры надалі перспектывам ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, а таксама супрацоўніцтва Беларусі і Латвіі ў рамках праграмы «Усходняе партнёрства».

Таксама, у ходзе візіту Сяргей Мартынаў сустрэўся з прэзідэнтам Латвіі Валдзісам Затлерсам. Яны абмеркавалі прынцыповыя перспектывы нарошчвання беларуска-латвійскага палітычнага і эканамічнага супрацоўніцтва.

На сустрэчы з прэм’ер-міністрам Латвіі Валдзісам Дамброўскісам асноўную ўвагу палітыкі надалі пытанням двухбаковага гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеяння, супрацоўніцтву ў галіне інвестыцыяў, транспарту, транзіту, энергетыкі, вытворчай кааперацыі. Акрамя таго, бакі абмеркавалі каардынацыю дзеянняў па падрыхтоўцы Нацыянальнай выставы Беларусі ў Рызе і пятага Міжнароднага беларуска-латвійскага інвестыцыйнага форуму «Балтыйскі рэгіён 2010», якія запланаваны на 22-25 верасня гэтага года.

Развіццё супрацоўніцтва ў транспартнай і транзітнай сферах стала галоўнай тэмай перамоваў Сяргея Мартынава з міністрам транспарту Латвіі Каспарсам Герхардсам, які таксама з’яўляецца кіраўніком латвійскай часткі Беларуска-латвійскай міжурадавай камісіі па эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. Палітыкі дамовіліся актывізаваць дзейнасць Камісіі, наступнае пасяджэнне якой павінна адбыцца ўжо ў верасні 2010 года.
 
У завяршэнне свайго працоўнага візіту Сяргей Мартынаў наведаў Рыжскі свабодны порт. Там адбылася сустрэча з віцэ-мэрам Рыгі Айнарам Шлесэрсам і выканаўчым дырэктарам порта Леанідам Логінавым, на якой бакі абмеркавалі перспектывы рэалізацыі канкрэтных двухбаковых праектаў па перавалцы беларускіх грузаў (у 2009 годзе Латвія заняла трэцяе месца па аб’ёме таваразвароту сярод усіх краін па-за СНД і другое месца — па аб’ёме беларускага экспарту).

Как вам новость?
Головоломки