Беларусь і Літва вызначылі колькасць прапусканых праз мяжу аўто

31.01.2011 11:33
Архив Редакция

Кіраўнікі мытных службаў Беларусі і Літвы падчас чарговай працоўнай сустрэчы 29 студзеня 2011 года вызначылі мінімальную колькасць аформленых грузавых аўто па ўсіх міжнародных пунктах пропуску, размешчаных на беларуска-літоўскай мяжы. Мэтай новай дамоўленасці з'яўляецца забеспячэнне раўнамернага афармлення на працягу сутак транспартных сродкаў, як на ўезд, так і на выезд.

Як паведамілі карэспандэнту Тэлеграфа ў Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі, у пунктах пропуску на беларуска-літоўскай мяжы апошнім часам павялічыліся чэргі грузавых транспартных сродкаў.

Падобная сітуацыя склалася, у прыватнасці, праз адсутнасць дамоўленасцяў паміж Расіяй і Польшчай з нагоды выдачы дазволаў на міжнародныя аўтаперавозкі паміж гэтымі краінамі. Як вынік, расійскія аўтаперавозчыкі аб’язджаюць Польшчу, і грузавыя патокі c беларуска-польскай мяжы сыходзяць на беларуска-літоўскую.

Паводле дасягнутай дамоўленасці, у пункце пропуску Каменны Лог — Мядзінінкай у гадзіну мытнікі абавязаныя будуць прапусціць не менш за 25 грузавых транспартных сродкаў (600 за суткі). У пункце пропуску Катлоўка — Лаварышкес — не менш за 12 грузавых транспартных сродкаў (300 за дзень), у пункце пропуску Беняконі — Шальчынікай — на ўезд у Беларусь не менш за шэсць грузавых транспартных сродкаў, (150 за суткі), на ўезд у Літву — не менш дзесяці (250 за суткі). У пункце пропуску Прывалка — Райгардас — мінімальная колькасць на ўезд у Беларусь — чатыры грузавыя транспартныя сродкі, (100 за суткі), на ўезд у Літву — восем (200 за суткі).

Паводле інфармацыі Дзяржпагранкамітэта Беларусі, у выніку дадзеных мераў мытныя службы Беларусі і Літвы за 30 студзеня практычна выйшлі на ўстаноўленыя паказчыкі. Акрамя таго, у ДМК праінфармавалі, што на сайтах мытных службаў абедзвюх краін будуць публікаваць вынікі пагадзіннай маніторынгу сітуацыі ў пунктах пропуску.

Таксама плануецца актывізаваць сумесную працу мытных органаў дзвюх краін па ўкараненні электроннага папярэдняга інфармавання аб перамяшчаемых грузах.

Как вам новость?