Беларусь мае намер разлічыцца з "Газпромам" за два тыдні

21.06.2010 16:35
Архив Редакция

Беларускі бок плануе на працягу двух тыдняў разлічыцца з расійскім газавым манапалістам за доўг па пастаўках расійскага газу ў Беларусь у гэтым годзе. Пра гэта 21 чэрвеня заявіў у Мінску першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка.

Першы віцэ-прэм’ер таксама паведаміў, што ў выніку перамоваў «з’явіўся нейкі пратакол, з якім мы не можам быць згодныя ў тым выглядзе, як ён ёсць». «Але важна, што расійскі бок прызнаў, што вінен беларускаму боку 217 млн. даляраў за транзіт», — сказаў Уладзімір Сямашка, перадае БелТА.

«Такім чынам, калі расійцы нам заплацяць 217 млн. даляраў за транзіт, то мы гатовыя заплаціць 187 млн. даляраў за газ», — растлумачыў Уладзімір Сямашка, удакладніўшы, што хто будзе плаціць першым — непрынцыпова.

Па словах намесніка кіраўніка ўрада, беларускія ўлады «не хаваюць, што ў Беларусі складанасці з валютай». «І каб увайсці ў рэжым рэальнага часу з аплатай, мы павінны пазычаць валюту. Мы разлічымся. Можа, не сёння, можа, на працягу двух тыдняў знойдзем магчымасць, пазычым, але разлічымся. А яны разлічацца за транзіт», — сказаў першы віцэ-прэм’ер.

Уладзімір Сямашка дадаў таксама, што беларускі бок «не выйдзе з перамоваў, мы будзем настойваць, пераконваць калегаў, шукаць кампраміс».

Уладзімір Сямашка адзначыў, што перамоўны працэс па газавай тэматыцы з расійскім бокам ідзе ў патрэбным накірунку. «У перамовах з «Газпромам» выспявае пэўны кампраміс. Па-першае, нам пагражалі 85% абмежаваннем паставак. Але сёння ўведзена абмежаванне толькі 15%. Гэта ўжо можна перажыць і думаць аб тым, як кампенсаваць», — рэзюмаваў намеснік кіраўніка ўрада.

Пуцін: пастаўкі газу Мінску больш як на 15% пакуль не скароцяцца

У сваю чаргу, прэм’ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што існуе магчымасць скараціць пастаўкі газу Беларусі на 85%, аднак больш, чым на 15% «Газпром» пакуль скарачаць пастаўкі «блакітнага паліва» не будзе, перадае расійская служба BBC.

«Гэта робіцца праз асаблівыя стасункі з беларускімі спажыўцамі», — сказаў Уладзімір Пуцін, дадаўшы, што пастаўкі газу ў Еўропу могуць адбывацца праз транспартную сістэму Украіны, у абыход газаправода «Ямал-Еўропа».

Раней, як перадаваў Тэлеграф, кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер расказаў, што Беларусь прапанавала газаваму манапалісту пагасіць наяўную запазычанасць не грашыма, а таварамі. Аднак такі варыянт развіцця падзеяў расійскі бок не задаволіў.

У сваю чаргу, афіцыйны прадстаўнік «Газпрома» Сяргей Купрыянаў агучыў новы прагноз па росце кошту расійскага газу для Беларусі на гэты год. Па словах прэс-сакратара «Газпрома», у другім квартале кошт расійскага газу для Беларусі ўзрасце да 185 даляраў за тысячу кубаметраў, а ў трэцім дасягне 193-194 даляраў.

Как вам новость?
Головоломки