Беларусь можа да верасня зацвердзіць новую канцэпцыю бяспекі

20.07.2010 09:06
Архив Редакция

Аляксандр Лукашэнка 19 ліпеня правёў працоўную сустрэчу з дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі Беларусі Леанідам Мальцавым. Дзяржсакратар даклаў кіраўніку дзяржавы аб завяршэнні працы над праектам новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Беларусі. Плануецца, што новая канцэпцыя будзе прынятая ў канцы жніўня — пачатку верасня 2010 года.

Праект дакументу ў хуткім часе будзе разасланы членам Савета бяспекі для вывучэння, а пасля — прадстаўлены на паседжанне Савета бяспекі Беларусі, паведаміў Леанід Мальцаў. Дакумент з’яўляецца працягам дзейнай канцэпцыі, аднак у ім улічылі новыя рэаліі і асаблівасці абстаноўкі, якая ў цяперашні час складваецца ў рэспубліцы і вакол яе, распавялі ў прэс-службе беларускага лідара.

У дзейнай канцэпцыі нацыянальная бяспека разглядаецца як стан абароненасці асобы, грамадства і дзяржавы. У новай канцэпцыі гэтае паняцце пашырылі. Нацыянальная бяспека цяпер разглядаецца як стан абароненасці нацыянальных інтарэсаў. Нацыянальныя інтарэсы, у сваю чаргу, вызначаюцца як гармонія інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы. То бок акрамя абароненасці ўводзіцца яшчэ і паняцце гарманічнага развіцця і ўліку гэтых інтарэсаў. Акрамя таго, у новай канцэпцыі размяжоўваюцца тры ўзроўні «небяспекі»: рызыка, выклік і пагроза, расказаў Леанід Мальцаў.

У цэлым дакумент больш сістэмна вызначае ролю дзяржаўных органаў, грамадскіх арганізацыяў і грамадзянаў у забеспячэнні нацыянальнай бяспекі краіны.

Как вам новость?
Головоломки