Беларусь можа зрабіць бясплатнымі візы для грамадзян ЕС з 2011 года

29.09.2010 16:03
Архив Редакция

Міністэрства спорту і турызму Беларусі падрыхтавала праект указу, у адпаведнасці з якім з 2011 года ў Беларусі могуць адмяніць выплату консульскіх збораў для грамадзян Еўрапейскага саюза, якія прыязджаюць у Беларусь тэрмінам да пяці дзён. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар міністэрства Віталь Сямашка.

Калі праект указу будзе ўхвалены, грамадзяне краін Еўрасаюза змогуць уязджаць на тэрыторыю Беларусі без выплаты консульскіх збораў пры наяўнасці сапраўднага пашпарта і зваротнага білета. Акрамя таго, міністэрства спорту і турызму прапанавала ўвесці сістэму звароту выплачанай замежнымі турыстамі сумы ПДВ на набытыя імі тавары народнага спажывання айчыннай вытворчасці пры ўмове, што яны будуць вывезены за межы мытнай тэрыторыі Беларусі.

Праект гэтага ўказу накіраваны на стварэнне эканамічных стымулаў развіцця ўязнога турызму ў Беларусі, паведамілі ў міністэрстве. У прыватнасці, прапанаваныя ў дакуменце новаўвядзенні дазволяць павялічыць экспарт турыстычных паслуг у такія краіны, як Польшча, Літва і Латвія, перадае БелТА.

«Пры раўнацэнных складнікаў турыстычнага прадукту наяўнасць візавага рэжыму ў Беларусі для турыстаў з гэтых краін значна зніжае канкурэнтаздольнасць і з’яўляецца дадатковым стымулам выбару іншай краіны для падарожжа», — адзначаецца ў праекце ўказу.

Мінспорту: праз візы лік турыстаў за два гады скараціўся ў два разы

Праз візавы рэжым колькасць замежных турыстаў, якія прыязджаюць у Беларусь, у апошнія гады істотна скарацілася. Калі ў 2007 годзе з краін ЕС прыехала амаль 47 тыс. турыстаў, то ў 2009 годзе — усяго 25 тыс., то бок у 1,9 раза менш. Пяціразовае павелічэнне тарыфаў консульскага збору для грамадзян Літвы (да 25 еўра) прывяло да таго, што колькасць літоўскіх турыстаў у Беларусі ў 2009 годзе ў параўнанні з 2007 годам скарацілася ў 3,1 раза (з 9,3 тыс. чалавек да 2,9 тыс. чалавек).

У цэлым колькасць выдадзеных грамадзянам краін ЕС, Японіі і ЗША візаў для ўезду на тэрыторыю Беларусі скарацілася з 463 тыс. у 2008 годзе да 388 тыс. у 2009 годзе. Больш за тое, консульскі збор ад выдадзеных візаў у 2009 годзе склаў 22,4 млн. даляраў, у той час як у 2008 годзе — 29,8 млн. даляраў.

«Аднаразовыя страты ад нявыплаты консульскага збору будуць кампенсавацца не толькі паступленнямі ад выдаткаў замежных турыстаў на спадарожныя паслугі і тавары. Акрамя гэтага, у краіне будуць створаны дадатковыя працоўныя месцы, якія, у сваю чаргу, пацягнуць выплату дадатковых падаткаў і адлічэнняў у бюджэт», — падкрэслілі ў міністэрстве спорту і турызму.

Калі прапанаваныя меры будуць рэалізаваныя, па падліках спецыялістаў міністэрства, эканоміка Беларусі зможа зарабіць за кошт замежных турыстаў 58 млн. даляраў. Пры гэтым аб’ём экспарту турыстычных паслуг у найбліжэйшыя два гады павялічыцца мінімум на 20%.

Как вам новость?
Головоломки