Беларусь не плануе масавых закупак тэхнікі для сухапутных войскаў

17.09.2010 14:07
Архив Редакция

Беларусь не плануе ажыццяўляць масавыя закупкі новай тэхнікі для сухапутных войскаў да 2020 года. Пра гэта паведаміў 17 верасня камандуючы сухапутнымі войскамі генерал-маёр Аляксандр Нікіцін. Паводле яго слоў, у аснове ўзбраення сухапутных войскаў цяпер знаходзяцца ўзоры савецкай вытворчасці, якія паспяхова канкуруюць з найноўшымі ўзорамі іншых дзяржаў.

«У найбліжэйшай перспектыве парк ваеннай тэхнікі будзе заставацца савецкім, пытанне стаіць толькі аб ўмелым яе прымяненні», — заявіў Аляксандр Нікіцін. Ён таксама распавёў, што ў цяперашні час у краіне ажыццяўляецца паэтапная мадэрнізацыя ўзбраення і ваеннай тэхнікі ў адпаведнасці з Канцэпцыяй будаўніцтва і развіцця ўзброеных сілаў Беларусі.

Асноўнымі напрамкамі мадэрнізацыі, па словах Аляксандра Нікіціна, з’яўляюцца паляпшэнне тактычна-тэхнічных характарыстык, максімальная аўтаматызацыя працэсаў кіравання і пераклад на сучасную элементную базу. Сярод перспектыўных напрамкаў развіцця ўзбраення ваеннай і спецыяльнай тэхнікі сухапутных войскаў генерал-маёр назваў перавод на айчынныя колавыя і гусенічныя базы сродкаў рухомасці ўзбраення, павышэнне дальнасці, дакладнасці і агнявой моцы сродкаў паражэння, якія знаходзяцца сёння на ўзбраенні, перадае БелТА.

Акрамя таго, Аляксандр Нікіцін падкрэсліў, што ў 2009-2010 гадах кіраўніцтва накіравала асноўныя намаганні па падрыхтоўцы злучэнняў і воінскіх частак сухапутных войскаў на арганізацыю эфектыўнага вучэбнага працэсу. «Падрыхтоўка войскаў праводзілася як у пунктах пастаяннай дыслакацыі воінскіх частак, так і на палявых і лагерных зборах на палігонах», — адзначыў генерал-маёр.

Паводле яго слоў, сур’ёзнай праверкай для злучэнняў і воінскіх частак сухапутных войскаў сталася выкананне задачаў падчас правядзення аператыўна-стратэгічных вучэнняў «Захад-2009».

Асабісты склад сухапутных войскаў — 40% ад агульнай колькасці складу УС Беларусі

Як распавёў Аляксандр Нікіцін, колькасць асабістага складу сухапутных войскаў абгрунтавалі і аптымізавалі дзякуючы аператыўна-стратэгічным разлікам. Так, у цяперашні час яна складае каля 16 тыс. чалавек (40% ад агульнай колькасці складу УС).

Сярод ключавых фактараў забеспячэння аператыўнага і бесперапыннага кіравання войскамі Аляксандр Нікіцін адзначыў удасканаленне прафесійнага ўзроўню кіраўніцкіх кадраў. Па словах камандуючага сухапутнымі войскамі, арганізацыя падрыхтоўкі афіцэраў сёння ажыццяўляецца ў Ваеннай акадэміі, а таксама на сямі ваенных факультэтах грамадзянскіх ВНУ краіны.

У найбліжэйшай перспектыве развіццё сухапутных войскаў прадугледжвае далейшае ўдасканаленне сістэмы кіравання, павышэнне баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці. Сярод прыярытэтных задач генерал-маёр назваў эфектыўнасць сістэмы падрыхтоўкі ваенных кадраў, падтрыманне і ўмацаванне баяздольнасці вайсковых частак.

«Будаўніцтва і развіццё сухапутных войскаў у структуры УС — гэта вывераны планавы працэс, разлічаны на бліжэйшую і далейшую перспектыву», — падкрэсліў Аляксандр Нікіцін.

Как вам новость?
Головоломки