Беларусь не выконвае прагноз па росце інвестыцый у эканоміку

28.10.2010 11:10
Архив Редакция

Па выніках дзевяці месяцаў 2010 года Беларусь не выконвае прагноз па росце інвестыцый у эканоміку. У студзені-верасні 2010 года ў асноўны капітал было інвеставана 36,1 трлн. рублёў, што ў супастаўных коштах складае 109,5% да ўзроўню 2009 года. Пры гэтым прагноз росту на 2010 год складаў на 23-25%, паведамілі ў мінэканомікі.

Як стала вядома карэспандэнту Тэлеграфа, у студзені-верасні 2009 года да ўзроўню адпаведнага перыяду 2008 года інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 113,5%. У той час як у першым квартале 2010 года інвестыцыі не дасягнулі ўзроўню аналагічнага перыяду 2009 года (97,6%), па выніках першага паўгоддзя яны склалі ўжо 104,3%, па выніках дзевяці месяцаў — 109,5%, адзначылі ў мінэканомікі.

За гэты перыяд будаўніча-мантажныя працы выкананы больш чым на 18,6 трлн. рублёў, што ў супастаўных цэнах на 14,6% больш, чым у студзені-верасні 2009 года.

Удзельная вага інвестыцый у асноўны капітал у аб’ёме валавага ўнутранага прадукту па выніках студзеня-верасня 2010 года склала 30,9%.

Аб’ём сельгаспрадукцыі вырас на 1,1%

У студзені-верасні 2010 года аб’ём вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў гаспадарках усіх катэгорый павялічыўся да ўзроўню адпаведнага перыяду 2009 года на 1,1% пры прагнозе росту на 2010 год — на 10-11%.

У арганізацыях, якія ажыццяўляюць сельскагаспадарчую дзейнасць аб’ём вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі за гэты перыяд павялічыўся на 1,2%, у гаспадарках насельніцтва — на 0,9%.

На будаўніцтва жылля выкарыстана 24,1% ад агульнага аб’ёму інвестыцый

У рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на 2010 год, зацверджанай Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 снежня 2010 года № 636, ажыццяўляецца будаўніцтва 520 аб’ектаў, з якіх плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 238, уключаючы пускавыя комплексы.

На рэалізацыю Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы ў 2010 годзе прадугледжваецца накіраваць 2 138 млрд. рублёў сродкаў рэспубліканскага бюджэту, з мясцовых бюджэтаў — 268,8 млрд. рублёў.

На будаўніцтва жылых дамоў у студзені-верасні 2010 года выкарыстана 24,1% ад агульнага аб’ёму інвестыцый.

У студзені-верасні 2010 года ўведзена ў эксплуатацыю 5 078,9 тыс. квадратных метраў агульнай плошчы жылых дамоў, што складае 73% да прадугледжанага задання на год. У параўнанні са студзенем-вераснем 2009 года ўвод у дзеянне жылля павялічыўся на 583 тыс. квадратных метраў, або на 13%.

Для грамадзян, якія стаяць на ўліку і маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, уведзена ў дзеянне 3,3 млн. квадратных метраў агульнай плошчы, з іх у шматкватэрных жылых дамах у гарадах — 2,46 млн. квадратных метраў. Удзельная вага жылля, пабудаванага для гэтай катэгорыі грамадзян у шматкватэрных жылых дамах у гарадах, склала 88,5% ад аб’ёму ўведзенага жылля ў такіх дамах пры заданні на год 80%.

У сельскіх населеных пунктах уведзена ў эксплуатацыю 1,3 млн. квадратных метраў агульнай плошчы жылля, што склала 25,9% ад іх агульнага ўводу. У сельскіх населеных пунктах і малых гарадскіх паселішчах пабудавана 2,05 млн. квадратных метраў жылля, або 114% да ўзроўню 2009 года.

У студзені-жніўні адмоўнае сальда склала 3,6 млрд. даляраў

Вынікі знешнеэканамічнай дзейнасці ў студзені-жніўні 2010 года характарызаваліся наступнымі паказчыкамі.

Аб’ём знешняга гандлю таварамі і паслугамі па метадалогіі плацежнага балансу з разліку ў фактычных цэнах склаў 117,7% да ўзроўню студзеня-жніўня 2009 года (прагноз тэмпаў росту на год — 124-125%), у тым ліку экспарт — 119,3% ( 127-128%), імпарт — 116,3% (120-121%).

У студзені-жніўні 2010 года сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі склалася адмоўнае і склала 3,61 млрд. даляраў (па прагнозе на 2010 год велічыня адмоўнага сальда — у дыяпазоне мінус 4,6-4,7 млрд. даляраў).

Аб’ём экспарту тавараў рэспублікі ў параўнанні са студзенем-жніўнем 2009 года з разліку ў фактычных кошта павялічыўся на 17,6%, або на 2,3 млрд. даляраў, імпарту — на 15%, або на 2,7 млрд. даляраў.

У студзені-жніўні 2010 года назіраўся рост вартасных аб’ёмаў знешнегандлёвых аперацый. Гэта абумоўлена пераважна павышэннем сярэдніх коштаў на экспартаваныя і імпартаваныя тавары.

У параўнанні са студзенем-жніўнем 2009 года сярэднія кошты экспарту павялічыліся на 19%, імпарту — на 12,6%. Пры гэтым фізічны аб’ём экспарту паменшыўся на 1,2%, імпарту павялічыўся — на 2,1%.

У студзені-жніўні 2010 года сфармавалася адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі ў памеры 5,01 млрд. даляраў. Асноўнай крыніцай фармавання адмоўнага сальда знешняга гандлю таварамі з’яўляюцца экспартна-імпартныя аперацыі з прамежкавымі таварамі (энерганосьбіты, сыравіна, матэрыялы і камплектуючыя).

На энергетычныя тавары прыпадае 38,7% вартаснага аб’ёму экспарту і 45,3% імпарту прамежкавых тавараў. Па дадзеных Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, экспарт паслуг у студзені-жніўні 2010 года ў параўнанні са студзенем-жніўнем 2009 года павялічыўся на 29,1%, імпарт — на 38,3%.

Дадатнае сальда знешнегандлёвага балансу паслуг склалася ў памеры 1,12 млрд. даляраў.

Даходы насельніцтва выраслі на 10,8%

Рэальныя грашовыя даходы насельніцтва (даходы, скарэктаваныя на індэкс спажывецкіх цэнаў) у студзені-жніўні 2010 года ў параўнанні з адпаведным перыядам 2009 года павялічыліся на 10,8% пры прагнозе росту на год — на 14-15%.

Грашовыя даходы ў разліку на душу насельніцтва ў студзені-жніўні 2010 года павялічыліся ў параўнанні са студзенем-жніўнем 2009 года ў рэальным выражэнні на 11%. Суадносіны сярэднедушавых грашовых даходаў насельніцтва з мінімальным спажывецкім бюджэтам склалі два разы, з бюджэтам пражытачнага мінімуму — 3,3 разы.

У студзені-жніўні 2010 года намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата ў рэспубліцы павялічылася ў параўнанні з адпаведным перыядам 2009 года на 17,4% і склала 1,14 млн. рублёў, у тым ліку ў жніўні — 1,28 млн. рублёў, у бюджэтнай сферы — адпаведна на 14,8% і склала 882,7 тыс. рублёў, у тым ліку ў жніўні — 947,8 тыс. рублёў.

Рэальная заработная плата ў студзені-жніўні 2010 года ў параўнанні са студзенем-жніўнем 2009 года павялічылася на 10%, у жніўні 2010 года ў параўнанні з ліпенем 2010 года — зменшылася на 0,3%.

Узровень беспрацоўя склаў 0,8%

У цэлым на рынку працы, па дадзеных мінэканомікі, захоўваецца кантраляваная і кіраваная сітуацыя, узровень зарэгістраванага беспрацоўя захоўваецца ў сацыяльна дапушчальных межах і на 1 кастрычніка 2010 года склаў 0,8% да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва.

У органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў верасні 2010 года на ўліку стаяла 2,46 млн. пенсіянераў, сярэдні памер прызначаных ім пенсій склаў 530,3 тыс. рублёў, што ў 2,2 разы перавышае бюджэт пражытачнага мінімуму для пенсіянераў.

Сярэдні памер пенсій па ўзросце склаў 555 тыс. рублёў, па інваліднасці — 483,4 тыс. рублёў, па прычыне страты карміцеля — 325,6 тыс. рублёў, сацыяльных пенсій — 205,9 тыс. рублёў. Рэальны памер прызначаных пенсій (пенсій, разлічаных з улікам змянення індэксу спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі) у верасні 2010 года ў параўнанні з вераснем 2009 года павялічыўся на 23,9%, у параўнанні са жніўнем 2010 года зменшыўся на 1,6%.

Індэкс спажывецкіх цэнаў склаў 6,8%

Раздробны таваразварот, уключаючы грамадскае харчаванне, праз усе каналы рэалізацыі ў студзені-верасні 2010 года павялічыўся на 16,2% у параўнанні з узроўнем аналагічнага перыяду 2009 года, пры прагнозе росту на 2010 год на 14-15%. Пачынаючы з красавіка 2010 года забяспечваецца выкананне гадавога прагнозу.

Тэмп росту рэалізацыі платных паслуг насельніцтву праз усе каналы рэалізацыі ў студзені-жніўні 2010 года забяспечаны на ўзроўні 108,5% да студзеня-жніўня 2009 года пры прагнозе на 2010 год 113-114%.

Індэкс спажывецкіх цэнаў за студзень-верасень 2010 года склаў 106,8% (пры прагнозе на 2010 год 108-110%) і не перавысіў разліковага паказчыка, прадугледжанага на гэты перыяд.

Рэнтабельнасць рэальнага сектару эканомікі склала 10,1%

У цэлым па народнай гаспадарцы рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, прац, паслуг за студзень-жнівень 2010 года склала 10,1% супраць 10,6% за студзень-жнівень 2009 года, рэнтабельнасць продажаў адпаведна — 6,3% супраць 6,5%. За студзень-ліпень т.г. рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, прац, паслуг склала 10,1%, за жнівень — 10,2%.

Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, прац, паслуг прамысловых прадпрыемстваў за студзень-жнівень 2010 года склала 9,9%, што адпавядае ўзроўню студзеня-жніўня 2009 года, рэнтабельнасць продажаў — 7,6% (за студзень-жнівень 2009 года — 7,4%) . За студзень-ліпень бягучага года рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, прац, паслуг прамысловасці склала 10,1%, за жнівень — 9,1%.

Как вам новость?