Беларусь не забяспечвае задэклараваных аб'ёмаў транзіту нафты праз Украіну

19.08.2010 09:41
Архив Редакция

Украіна не мае намеру даваць Беларусі зніжкі на чыгуначныя тарыфы пры транзіце венесуэльскай нафты, бо Мінск не забяспечвае транзіт у задэклараваных раней аб'ёмах. Пра гэта заявіў міністр транспарту і сувязі Украіны Канстанцін Яфіменка.

Беларусь задэкларавала ў 2010 годзе каля чатырох мільёнаў тон нафты, аднак у гэтым годзе пастаўкі чакаюцца прыкладна на ўзроўні аднаго мільёна тон, паведаміў прадстаўнік мінтранса Украіны.

«У месяц ідзе (у Адэскі порт — Тэлеграф) па два танкеры па 80 тыс. тон. Пастаўкі пачаліся з траўня. Такім чынам, яны (Беларусь — Тэлеграф) не выходзяць на чатыры мільёны тон у гэтым годзе», — сказаў Канстанцін Яфіменка, перадае АФН.

З нагоды магчымага запуску нафтаправода «Адэса-Броды» на праектны рэжым працы (аверс), кіраўнік мінтранса Украіны заявіў, што гэта можа быць зроблена толькі пры ўмове, што Беларусь будзе штогод ажыццяўляць транзіт венесуэльскай нафты ў аб’ёме больш за дзевяць мільёнаў тон на год.

Акрамя таго, украінскі міністр адзначыў, што няма пагрозы скарачэння аб’ёмаў транзіту венесуэльскай нафты праз тэрыторыю Украіны ў сувязі з пачаткам яе транзіту праз прыбалтыйскія парты.

«Там ёсць праблема: ёсць пераход паміж Латвіяй і Літвой, там бяруцца дадатковыя зборы і гэты маршрут не зусім выгадны», — патлумачыў Канстанцін Яфіменка.

Как вам новость?
Головоломки