Беларусь не здолела абгуляць Расію на чэмпіянаце свету па хакеі

14.05.2010 09:43
Архив Редакция

Зборная Беларусі ў заключным паядынку папярэдняга этапу чэмпіянату свету па хакеі, які праходзіць у Нямеччыне, саступіла 13 траўня ў Кёльне камандзе Расіі. Нягледзячы на паразу ад расійцаў з лікам 1:3 беларусы выйшлі ў другі раўнд турніру.

Шайбы закінулі: 1:0 — Мазякін (Сушынскі, І.Нікулін, 10.45, у большасці), 2:0 — Авечкін (С.Фёдараў, 32.21), 3:0 — Анісімаў (Мазякін, Ацюшоў, 34.03), 3:1 — Калюжны (Угараў, 47.30).
Паўтарыць поспех 10-гадовай даўнасці, калі беларусы адолелі расійцаў на чэмпіянаце свету-2000 у Санкт-Пецярбургу, дружыне Эдуарда Занкаўца не ўадлося. На працягу першага і другога перыядаў зборная Расіі мела безумоўную перавагу, красамоўнае сведчанне чаму — вялікая перавага ў колькасці кідкоў па варотах пасля 40 хвілінаў гульні — 22:9.
Але дзякуючы надзейнасці галкіпера Андрэя Мезіна да сярэдзіны матчу перавага суперніка ў ліку заставалася мінімальнай. Размачыў нашага брамніка Сяргей Мазякін, які рэалізаваў выдаленне Арцёма Сянькевіча, замкнуўшы дыяганальны пас Максіма Сушынскага і паразіў пусты вугал, куды не паспеў зрушыцца наш вартавы, паведамляе БелТА.
На пачатку другога перыяду беларусы на працягу 1 хв. 11 сек. мелі колькасную перавагу ў два гульцы, але атрымаць з гэтага выгады так і не здолелі. Расійцы ж, выстаяўшы ў меншасці, неўзабаве двойчы засмуцілі Андрэя Мезіна. Спачатку ў цэль патрапіў утоены кісцевы кідок Аляксандра Авечкіна, а затым на дабіванні спрытнейшым за ўсіх быў 22-гадовы форвард «Нью-Ёрк Рэйнджэрс» Арцём Анісімаў. Ён апынуўся першым ля шайбы пасля таго, як Андрэй Мезін адбіў стрэл усё таго ж Мазякіна.
Пачатак трэцяга перыяду спачатку таксама не ўсяляла аптымізму. Беларусы схамянуліся, калі Аляксей Калюжны, удала згуляўшы на дабіванні пасля кідкоў Уладзіміра Дзеяісава і Аляксея Угарава, скараціў адставанне да дзвюх шайбаў. На нейкі час расійцы нават збіліся на адкрыты адбой. Але затым гульня пайшла на сустрэчных курсах, у якой шанцы вылучыцца былі ў абедзвюх камандаў, а ў адным з выпадкаў каманду Беларусі ўратаваў каркас варотаў. Але лічбы на табло больш так і не змяняліся.
Адзначым дэбют на чэмпіянаце свету ў складзе зборнай Беларусі 18-гадовага абаронцы Кірыла Гатаўца, які сёння замяніў у складзе 38-гадовага Аляксандра Макрыцкага. Юны дэбютант правёў на лёдзе 12 хв. 47 сек. (15 змен), выканаў 1 кідок у створ варотаў, атрымаў 2 хвіліны штрафу і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «-1».
Увечар у нашай групе А ў матчы Казахстан — Славакія вызначыцца няўдачнік, які зойме апошняе месца і складзе кампанію аўтсайдарам астатніх квартэтаў у турніры за выжыванне ў эліце.
Пакуль турнірнае становішча ў квартэце А такое: Расія — 9 ачкоў (розніца шайбаў 10-3), Славакія — 3 (5-5), Беларусь — 3 (8-9), Казахстан — 0 (3-9). Расія і Беларусь правялі па 3 гульні, Славакія і Казахстан — па 2.
На другой стадыі ў нашу шасцёрку Е разам з Беларуссю ўвойдуць Расія — з 6 ачкамі, Фінляндыя — 3, Нямеччына — 3, Данія — 3, а таксама трыўмфатар пары Казахстан — Славакія. Казахстану для выхаду ў другі раўнд неабходна перамога з розніцай не менш чым ў 3 шайбы. У выпадку поспеху казахстанцы выйдуць у кваліфікацыйны раўнд без ачкоў. Калі перамогуць славакі, то яны выйдуць з 3 баламі. Колькасць заліковых ачкоў у Беларусі будзе залежаць ад зыходу спрэчкі Казахстан — Славакія. Нагадаем, што на папярэднім этапе Беларусь выйграла ў Казахстана — 5:2 і саступіла Славакіі — 1:3.
У першым паядынку другога раўнду зборная Беларусі ўжо заўтра, 14 траўня, згуляе або з Даніяй, або з Фінляндыяй.
У групе С у Мангейме 13 траўня прайшло таксама два матчы:
Францыя — Нарвегія — 1:5 (Ды Коста, 13, у большасці — Ларэнтцэн, 33, Цукарэла-Аасен, 43, у большасці, Бастыянсен, 48, Торэсен, 49, у большасці, Алімб, 57, штрафны кідок).
Турнірнае становішча ў групе С: Швецыя — 6 ачкоў (розніца шайбаў 8-4), Нарвегія — 6 (10-8), Чэхія — 3 (8-5), Францыя — 0 (5-14). Францыя  і Нарвегія правялі па 3 матчы, Швецыя і Чэхія — па 2.
На другой стадыі кваліфікацыйную шасцёрку F складуць Швейцарыя, Канада, Латвія, Швецыя, Чэхія і Нарвегія, а Францыя будзе ваяваць за захаванне прапіскі ў элітным дывізіёне. З якім ачковым багажом каманды выйдуць у другі этап, стане вядома ўвечар пасля заключнага паядынку папярэдняга раўнду.
Па выніках другога этапу ў чвэрцьфінал патрапяць па чатыры лепшыя каманды кожнай з шасцёрак.

Как вам новость?
Головоломки