Беларусь пачне здабываць газ за мяжой

25.08.2010 14:12
Архив Редакция

Беларусь плануе дыверсіфікаваць пастаўкі газу за кошт здабычы за мяжой. Адпаведнае рашэнне замацавана ў стратэгіі развіцця энергетычнага патэнцыялу Беларусі, зацверджанай 9 жніўня пастановай Савета міністраў Беларусі № 1180. Рэалізаваць гэтую стратэгію плануюць да канца 2020 года.

«Дыверсіфікацыя паставак газу будзе працягнутая шляхам удзелу беларускіх арганізацыяў у разведцы і здабычы газу за мяжой, пастаўкі звадкаванага прыроднага газу, у тым ліку праз Украіну», — гаворыцца ў дакуменце. Плануецца рэалізаваць праект будаўніцтва тэрміналаў па прыёме і рэгазіфікацыі звадкаванага прыроднага газу ў Літве ці Польшчы.

Калі дадзеная стратэгія будзе рэалізаваная ў поўным аб’ёме, аб’ём паставак звадкаванага прыроднага газу можа скласці да дзесяці мільярдаў кубаметраў на год. Гэта дазволіць значна знізіць залежнасць рэспублікі ад паставак прыроднага газу з Расіі.

Як гаворыцца ў новай стратэгіі, пры выбары рэгіёнаў і патэнцыйных пастаўшчыкоў прыроднага газу ў Беларусь неабходна ўлічваць іх забяспечанасць запасамі, наяўнасць транспартнай інфраструктуры або неабходнасць яе стварэння, эканамічнасць і кошты на газ, а таксама іншыя фактары.

Паводле інфармацыі ўрада, у цяперашні час у сярэднеазіяцкім рэгіёне экспарцёрамі прыроднага газу з’яўляюцца Туркменістан, Узбекістан і Казахстан. Сярэднеазіяцкі газ экспартуецца ў асноўным у Расію і Украіну па магістральных газаправодах Сярэдняя Азія — Цэнтр.

У сярэднетэрміновай перспектыве з улікам наяўнасці доўгатэрміновых кантрактаў з ААТ «Газпром» на закупку практычна ўсіх экспартных аб’ёмаў сярэднеазіяцкага газу не ўяўляецца магчымай яго прамая пастаўка ў Беларусь. Акрамя таго гэтаму перашкаджае адсутнасць незалежнай транспартнай інфраструктуры ў краіне.

Как вам новость?