Беларусь падала на Расію ў суд за пошліны на нафтапрадукты

25.03.2010 11:36
Архив Редакция

Міністэрства юстыцыі Беларусі ў судовым парадку патрабуе ад Расіі адмяніць вывазныя мытныя пошліны на нафтапрадукты і расійскую нафтахімічную сыравіну, якая пастаўляеца на беларускія НПЗ. Адпаведную пазоўную заяву мінюст накіраваў у Эканамічны суд СНД, які выконвае функцыі Суду ЕўрАзЭС, які з першага ліпеня будзе выконваць функцыі суда Мытнага саюза.

«Як вядома, з першага студзеня 2010 года на падставе тэлетайпаграмы першага намесніка кіраўніка Федэральнай мытнай службы Расіі прадукты перапрацоўкі нафты, у тым ліку нафтахімічная сыравіна для беларускіх прадпрыемстваў, якія пастаўляюцца з Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліку Беларусь, абкладаюцца вывазной мытнай пошлінай», — нагадалі ў беларускім ведамстве.

«На неаднаразовыя звароты беларускага боку па тлумачэнне прававых падстаў падобных дзеянняў выразных адказаў ад расійскага боку дагэтуль не атрымана», — канстатавалі ў мінюсце Беларусі.

Мінюст: Расія стварыла пагрозу поўнага спынення беларускіх НПЗ

Як адзначылі ў міністэрстве, ужыванне мытных пошлін на нафтапрадукты, «якія выкарыстоўваюцца ў якасці хімічнай сыравіны ў бесперапынных вытворчых працэсах, сур’ёзна абцяжарыла, а па асобных пазіцыях — прывяло да поўнага спынення паставак такіх нафтапрадуктаў на нафтахімічныя прадпрыемствы Рэспублікі Беларусь».

«У сутнасці гэта азначае пагрозу поўнага спынення працы шэрагу найбуйнейшых прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу Рэспублікі Беларусь, якія маюць цесныя кааперацыйныя сувязі ў тым ліку і з аналагічнымі прадпрыемствамі Расійскай Федэрацыі», — гаворыцца ў заяве беларускага боку.

Такім чынам, робяць выснову ў мінюсце Беларусі, «неправамернае патрабаванне выплаты экспартнай пошліны на вывазныя з Расіі ў Беларусь нафтапрадукты вельмі негатыўна ўплывае на працэсы паглыблення эканамічнага супрацоўніцтва паміж суб’ектамі гаспадарання дзвюх краін, супярэчыць цывілізаванай практыцы міжнароднага гандлю і падрывае базавы прынцып добрасуседства ва ўзаемаадносінах паміж Беларуссю і Расіяй».

«Пры гэтым варта адзначыць, што Рэспубліка Беларусь з’яўляецца адзінай дзяржавай-удзельніцай Мытнага саюза, у дачыненні якой Расійскай Федэрацыяй ужываецца дадзены падыход», — гаворыцца ў паведамленні мінюста.

Мінюст: у Беларусі няма іншага выйсця акрамя звароту ў суд

У міністэрстве нагадалі, што бакі неаднаразова спрабавалі вырашыць пытанне пошлін падчас перамоў і кансультацый, аднак усе яны завяршыліся для Беларусі безвынікова.

«У сітуацыі, якая склалася, беларускі бок не бачыць іншага спосабу абароны сваіх законных правоў і інтарэсаў, акрамя як шляхам звароту ў міжнародныя судовыя інстанцыі», — заявілі ў мінюсце.
 
Беларусь настойвае на нескарыстанні пошлін у гандлі з Расіяй таварамі, за выключэннем сырой нафты

У міністэрстве юстыцыі Беларусі растлумачылі, што сутнасць позвы ў Эканамічны суд СНД складаецца ў тым, што «заключаныя міжнародныя дамовы ў рамках СНД і ЕўрАзЭС, а таксама адпаведныя міжнародныя дамовы паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй прадугледжваюць бязмытны гандаль у рамках рэжыму вольнага гандлю».

У якасці прыкладу ў мінюсце прывялі міжурадавую беларуска-расійскую дамову пра вольны гандаль ад 13 лістапада 1992 года і пратакол пра ўвядзенне рэжыму вольнага гандлю без выняткаў і абмежаванняў паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй ад шостага студзеня 1995 года.

«Адзіным выключэннем (выняткам) з рэжыму бязмытнага гандлю з’яўляецца нафта сырая, частка з якой абкладаецца экспартнай пошлінай у адпаведнасці з адмысловай двухбаковай дамовай. Узаемны гандаль усімі астатнімі таварамі павінен ажыццяўляецца бязпошлінна», — зрабілі выснову ў мінюсце Беларусі.

Как вам новость?
Головоломки