Беларусь падымае кошты на цукар для Украіны

24.03.2010 15:41
Архив Редакция

Пасля неаднаразовых абвінавачванняў Беларусі ў дэмпінгавых пастаўках цукру на ўкраінскі рынак цукровыя заводы Беларусі заснавалі ва Украіне Беларускую аграрную кампанію (БАК). БАК стане адзіным пастаўшчыком прадукту ў краіну і будзе прадаваць яго па коштах не ніжэй, чым на ўкраінскім рынку, заявіў намеснік старшыні Белдзяржхарчпрам Мікалай Анціхевіч.

Беларуская аграрная кампанія была зарэгістравана ва Украіне ў канцы лютага. Яе заснавальнікамі сталі Гарадзейскі і Скідальскі цукровыя камбінаты, Жабінкаўскі цукровы завод і Слуцкі цукрарафінандны камбінат, паведаміў дарадчык па гандлёва-эканамічных пытаннях амбасады Беларусі ва Украіне Васіль Гушчык, перадае Коммерсантъ-Украина.

Прапанова беларускага боку стала рэакцыяй на неаднаразовыя абвінавачванні ўкраінскага ўрада ў незаконным імпарце таннага беларускага цукру. Украінскія ўлады ў сувязі з гэтым неаднаразова пагражалі абмежаваць увоз беларускага прадукту на свой рынак.

«Пытанне вынятку беларускага цукру з рэжыму вольнага гандлю з Беларуссю ўжо практычна вырашана — абмежаванні на пастаўкі могуць быць уведзены на працягу некалькіх тыдняў»,- паведаміў топ-мэнэджар буйнога ўкраінскага цукравытворцы, які пажадаў застацца невядомым.

Як паведаміў Васіль Гушчык, «Беларусь вырашыла стварыць адзінага дзяржаўнага імпарцёра, каб зняць абвінавачванні ў дэмпінгавым імпарце цукру». «Мы будзем адсочваць пастаўкі цукру з Беларусі і, выявіўшы партыю цукру, якая прадаецца па дэмпінгавых коштах, будзем высвятляць, хто з беларускіх кампаній-трэйдараў закупіў яе на заводзе ў Беларусі — пасля завод гэтай кампаніі адгружаць цукар не будзе»,- заявіў прадстаўнік БАК Сяргей Кананенка.

У мінаграпалітыкі Украіны і асацыяцыі Укрцукар стварэнне БАК пакуль не каментуюць. Для вывучэння пытання прадстаўнікі Белдзяржхарчпраму і мінаграпалітыкі Украіны стварылі змяшаную камісію.

На дадзены момант паміж Беларуссю і Украінай дзейнічае дамова пра вольны гандаль, на падставе якога цукар з Беларусі імпартуецца ва Украіну без пошліны. Па дадзеных асацыяцыі Укрцукар, летась тона прадукта на беларускім рынку каштавала ў сярэднім на 100-160 даляраў танней, чым ва Украіне. Нізкіх коштаў на цукар беларускія цукравытворцы дасягаюць, штогод імпартуючы каля 600 тыс. тон цукру-сырцу бязпошлінна, які ў сярэднім на 100 даляраў танней бураковага. Гэта дазваляе праводзіць аперацыі замяшчэння і экспартаваць танны цукар. Ва Украіну Беларусь можа бязмытна імпартаваць толькі бураковы цукар, увоз цукру-сырцу абкладаецца мытай (50% ад кошту).

У 2008 годзе мінэканомікі Украіны паведаміла пра намер увесці квоты на імпарт цукру з Беларусі ў сувязі з вялікім аб’ёмам паставак. Калі ў 2007 годзе ён складаў 9,4 тыс. тон, дык ужо ў 2009-м — каля 60 тыс. тон.

Как вам новость?
Головоломки