Беларусь падпісала шэраг пагадненняў з Італіяй

13.06.2011 10:20
Архив Редакция

Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў 10 чэрвеня прыняў удзел у сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін-членаў Цэнтральна-еўрапейскай ініцыятывы ў Трыесце (Італія). Ён таксама правёў перамовы з кіраўнікамі знешнепалітычных ведамстваў Сербіі Вукам Ярэмічам і Італіі Франка Фраціні. Па выніках сустрэчы з кіраўніком МЗС Італіі бакі падпісалі шэраг пагадненняў аб супрацоўніцтве.

Пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне культуры вызначае рамачныя ўмовы і прыярытэтныя сферы і напрамкі двухбаковага культурнага супрацоўніцтва; прадугледжвае, сярод іншага, магчымасць адкрыцця бакамі культурных цэнтраў на тэрыторыі іншага боку, а таксама стварэння сумеснай беларуска-італьянскай Камісіі па супрацоўніцтве ў галіне культуры, паведамілі ў МЗС Беларусі.

Пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі прадугледжвае магчымасць наладжвання пачатку супрацоўніцтва паміж агульнаадукацыйнымі, прафесійна-тэхнічнымі, сярэднімі спецыяльнымі, вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Беларусі і Італіі, абмену навучэнцамі паміж агульнаадукацыйнымі, прафесійна-тэхнічнымі і сярэднімі спецыяльнымі навучальнымі ўстановамі.

Пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій стварае рамачныя ўмовы для развіцця доўгатэрміновага супрацоўніцтва ў гэтай сферы паміж навуковымі, навукова-вытворчымі арганізацыямі і прадпрыемствамі дзвюх краін, уключаючы магчымасці і ўмовы абмену навукова-тэхнічнай інфармацыяй; прадугледжваецца стварэнне сумеснай беларуска-італьянскай камісіі па супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій.

«Мемарандум аб узаемаразуменні па пытанні развіцця італьянскай прамысловай акругі на тэрыторыі Берасцейскай вобласці прадугледжвае стварэнне максімальна спрыяльных умоваў для прыцягнення італьянскіх інвестараў і рэалізацыі імі праектаў у Беларусі, вызначае прыярытэтныя напрамкі для развіцця вытворчасці ў рамках італьянскай прамысловай акругі, утрымлівае агляд бягучага стану і планаванай інжынернай інфраструктуры свабоднай эканамічнай зоны», — распавялі ў беларускім МЗС.

Таксама Сяргей Мартынаў і Франка Фраціні абмеркавалі комплекс пытанняў двухбаковага і шматбаковага парадку дня беларуска-італьянскіх адносін, уключаючы праблематыку дыялогу па лініі Беларусь-ЕС. Бакі падвялі вынікі рэалізацыі дамоўленасцяў, дасягнутых у ходзе візіту ў Беларусь прэм’ер-міністра Італіі Сільвіа Берлусконі ў 2009 годзе, канстатавалі прагрэс у сферы гандлю і інвестыцый, намецілі прыярытэтныя напрамкі ўзаемадзеяння на перспектыву.

Как вам новость?