Беларусь падрыхтавала 100 праектаў пад кітайскія 15 млрд. даляраў

28.06.2010 15:26
Архив Редакция

Беларусь падрыхтавала каля ста інвестыцыйных праектаў, якія плануецца рэалізаваць за кошт кітайскага крэдыту ў памеры 15 млрд. даляраў. Пра гэта паведаміў на паседжанні беларуска-кітайскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве яе сустаршыня, кіраўнік Камітэта дзяржкантролю Беларусі Зянон Ломаць.

Па словах кіраўніка КДК, у першую чаргу, за кітайскія сродкі плануецца пабудаваць ўзлётна-пасадачную паласу ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск», мадэрнізаваць Лукомльскую і Бярэзінскую ДРЭС, вытворчасць на шэрагу прадпрыемстваў, пабудаваць заводы па вытворчасці беленай цэлюлозы і каўстычнай соды, перадае БелТА.

Як заявіў Зянон Ломаць, галоўным чынам крэдыт, які выдзяляецца Кітаем, плануецца накіраваць на забеспячэнне энергетычнай бяспекі Беларусі.

Сустаршыня камісіі таксама праінфармаваў, што абедзве краіны абмяркоўваюць магчымасць стварэння ў Беларусі сумеснай вытворчасці легкавых аўтамабіляў. Па словах кіраўніка КДК, для гэтага цяпер «няма ніякіх перашкодаў».

«Я мяркую, што з дапамогай кітайскіх таварышаў у нас з’явіцца СП і будзе вырабляць зборку кітайскіх аўтамабіляў. Якіх — сёння пакуль сказаць складана. Але гэтая тэма на парадку дня нашага двухбаковага супрацоўніцтва», — заявіў Зянон Ломаць.

Як раней паведаміў Тэлеграф, Беларусь рыхтуецца ўзяць у Кітая крэдыт у памеры 15 млрд. даляраў, магчымасць выдачы якога цяпер разглядае кітайскі бок. «Па дамоўленасці на ўзроўні кіраўнікоў дзвюх краінаў сёння разглядаецца пытанне рэалізацыі больш як 15 млрд. даляраў крэдыту, які дасць Кітай, у тым ліку адзін мільярд даляраў — на льготных умовах», — праінфармаваў Зянон Ломаць 18 чэрвеня.

Как вам новость?
Головоломки