Беларусь пагоршыла свае пазіцыі ў рэйтынгу «Вядзенне бізнэсу»

04.11.2010 11:18
Архив Редакция

Сусветны банк апублікаваў сёмую штогадовую справаздачу "Вядзенне бізнэсу-2011". Па выніках даследавання, Беларусь заняла 68-е месца са 183 краін свету і апусцілася за год у гэтым рэйтынгу на чатыры пазіцыі. Пры гэтым найбольш істотнае пагаршэнне (мінус 18 пунктаў) адбылося па паказчыку «ліквадацыя прадпрыемстваў», які ўлічвае часавыя і фінансавыя выдаткі на працэдуры банкруцтва.

Як стала вядома карэспандэнту Тэлеграфа, эксперты Сусветнага банка не зафіксавалі ніякіх паляпшэнняў у Беларусі ў сферы падаткаабкладання. Па дадзеным паказчыку краіна па-ранейшаму знаходзіцца на апошнім 183-ем месцы ў свеце. Невялікае пагаршэнне за год таксама адбылося ў сферы абароны правоў інвестараў — мінус адзін пункт.

У сферы крэдытавання пазіцыі Беларусі істотна палепшыліся (плюс 20 пунктаў). Па гэтым параметры краіна паднялася са 109-га на 89-е месца. Таксама эксперты зафіксавалі паляпшэнні ў галіне атрымання дазволаў на будаўніцтва (плюс 10 пунктаў), па дадзеным паказчыку Беларусь знаходзіцца на 44-м месцы ў свеце.

Паводле даследавання, Сінгапур захаваў за сабой першае месца па ступені спрыяльнасці ўмоў вядзення бізнэсу, за ім ідуць САР Ганконг (Кітай), Новая Зеландыя, Злучанае Каралеўства, ЗША, Данія, Канада, Нарвегія, Ірландыя і Аўстралія.

Месцы суседзяў Беларусі ў справаздачы «Вядзенне бізнэсу-2011» размеркаваліся наступным чынам: Латвія — 24 (летась 27), Літва — 23 (26), Польшча — 70 (73), Расія — 123 (116), Украіна — 145 ( 147).

Эксперты Сусветнага банка падкрэсліваюць, што пазіцыя ў рэйтынгу звязана не толькі з намаганнямі ўнутры краіны, але таксама і з аналагічнымі дзеяннямі іншых дзяржаў і пры гэтым адзначаюць інтэнсіўнасць рэформаў у Беларусі. Ужо некалькі гадоў запар Беларусь уваходзіць у пяцёрку вядучых сусветных рэфарматараў. У справаздачы «Вядзенне бізнэсу 2011» краіна заняла трэцяе месца, прапусціўшы наперад Грузію і Руанду.

Як раней перадаваў Тэлеграф, у жніўні 2010 года мінэканомікі Беларусі прагназаваў, што краіна падымецца ў рэйтынгу «Вядзенне бізнэсу-2011» на дзесяць пунктаў.

Нагадаем, што прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу ў найбліжэйшыя гады ўвайсці ў 30-ку краін з найлепшымі ўмовамі для вядзення бізнэсу.

Как вам новость?