Беларусь пакуль не ведае, колькі грошай Расія выдзеліць на АЭС

02.03.2011 13:17
Архив Редакция

Беларускі бок пакуль не ведае, які памер крэдыту на будаўніцтва АЭС у Беларусі выдзеліць Расія. Як паведаміў 2 сакавіка намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк, у цяперашні час бакі працягваюць весці перамовы па ўмовах выдзялення крэдыту на будаўніцтва АЭС.

Намеснік кіраўніка мінэнерга распавёў, што цяпер праводзяцца рабочыя кансультацыі па гэтым пытанні з міністэрствам фінансаў Расіі і «Росатамам». «Беларускі бок, як і дамаўляліся раней, унес свае прапановы аб фінансаванні не толькі самой АЭС, але і неабходнай вытворчай інфраструктуры для яе будаўніцтва», — адзначыў намеснік міністра энергетыкі.

На ўзроўні міністэрстваў энергетыкі Беларусі і Расіі бакі прыйшлі да ўзаемаўзгодненых і выгадных для абедзвюх краін рашэнняў з нагоды стварэння сумеснага беларуска-расійскага прадпрыемства па збыце электраэнергіі, паведаміў Міхаіл Міхадзюк.

Намеснік міністра адзначыў, што ў ходзе перамоваў па праекце будаўніцтва АЭС праблемных пытанняў было нямала, бо «гэта не шараговая будоўля і не просты праект». Міхаіл Міхадзюк паведаміў, што бакі абмяркоўвалі пытанне ўдзелу ў праекце беларускіх прамысловых прадпрыемстваў, а таксама праблемы арганізацыі будаўніцтва. Намеснік міністра запэўніў, што вынікі перамоваў знойдуць адлюстраванне ў кантракце на будаўніцтва АЭС, перадае БелТА.

Мінэнерга: праект міжурадавага пагаднення аб будаўніцтве АЭС гатовы

Міхаіл Міхадзюк таксама паведаміў, што Беларусь і Расія ўжо ўзгаднілі праект міжурадавага пагаднення аб будаўніцтве беларускай АЭС. Таксама скончаная праца над праектам міжурадавага пагаднення аб паралельнай працы энергасістэмаў Беларусі і Расіі.

Намеснік міністра энергетыкі праінфармаваў, што ў цяперашні час праекты дадзеных пагадненняў праходзяць унутрыдзяржаўныя працэдуры ў абедзвюх краінах. Па словах прадстаўніка мінэнергетыкі, у выпадку, калі дадзеныя працэдуры завершацца да пачатку пасяджэння Савета міністраў Саюзнай дзяржавы, дакументы будуць падпісаны на гэтым пасяджэнні.

Мінэнерга: Беларусь улічыла ўсе заўвагі Літвы па будаўніцтве АЭС

Міхаіл Міхадзюк таксама заявіў, што Беларусь адказала на ўсе пытанні Літвы па справаздачы аб уздзеянні будучай АЭС на навакольнае асяроддзе (АУНА), улічыла ўсе заўвагі літоўскага боку, а таксама правяла неабходныя кансультацыі па дадзеным пытанні ў шасці зацікаўленых дзяржавах. Намеснік міністра падкрэсліў, што АУНА быў распрацаваны ў адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі і прайшоў дзяржэкспертызу.

Акрамя таго, Міхаіл Міхадзюк запэўніў, што пры стварэнні сістэмы ўтылізацыі адкідаў будучай АЭС будуць выкарыстоўвацца самыя сучасныя тэхналогіі. Дадзены праект, па словах намесніка міністра, будзе выконвацца ў адпаведнасці з усімі міжнароднымі патрабаваннямі, у тым ліку МАГАТЭ.

Між тым, Міхаіл Міхадзюк паведаміў, што на дадзены момант заканадаўча пакуль не зацверджана абраная пляцоўка пад будаўніцтва АЭС. «Кіраўнік дзяржавы павінен прымаць рашэнне, не хвалюйцеся, рашэнне будзе», — заявіў намеснік міністра.

Как вам новость?