Беларусь пакуль не вызначылася з тым, хто будзе будаваць Астравецкую АЭС

21.09.2010 17:29
Архив Редакция

Першы намеснік старшыні Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Пётр Віцязь паведаміў, што цяпер вырашаецца пытанне, хто будзе будаваць Астравецкую АЭС. "Пакуль не падпісаны кантракт, у нас заўсёды ёсць манеўр у выбары таго, хто будзе будаваць беларускую АЭС. Ёсць прапановы карэйцаў, кітайцаў, французаў, могуць удзельнічаць амерыканцы", — заявіў навуковец.

Як адзначыў Пётр Віцязь, беларускі бок цяпер вывучае розныя варыянты, каб «было танней, якасней і бяспечней». Пры гэтым навуковец выказаў упэўненасць, што Расія і Беларусь дамовяцца па гэтым пытанні. «Як жа не дамовімся? Ім жа выгадна», — падкрэсліў намеснік старшыні НАН.

Прадстаўнік НАН таксама падтрымлівае прапанову стварыць сумеснае з Расіяй прадпрыемства па збыце электраэнергіі, якая будзе выпрацоўвацца на АЭС і ў цэлым ўсёй энергетычнай сістэмай, перадае БелаПАН.

«Гэтае пытанне трэба вывучаць з эканамічнага пункту гледжання», — адзначыў Пётр Віцязь. Вучоны лічыць, што для стварэння СП неабходна перш сфармаваць адзіную энергетычную сістэму. «А гэта ўжо пытанне палітычны, а не эканамічны. Калі кіраўнікі дамовяцца, тады можна будзе палічыць і эканоміку», — сказаў Пётр Віцязь.

Навуковец таксама лічыць, што сродкі, затрачаныя на навуковае суправаджэнне будаўніцтва атамнай станцыі, стварэнне інфраструктуры, падрыхтоўку кадраў, апраўдаюць сябе. «Усё роўна станцыя будзе 100%, без атамнай энергетыкі мы не бачым сёння бяспеку энергасістэмы», — падкрэсліў Пётр Віцязь.

Как вам новость?