Беларусь патрабуе ад "Газпрома" неадкладна пагасіць доўг за транзіт

22.06.2010 08:53
Архив Редакция

Урад Беларусі распрацаваў кампрамісны варыянт дазволу газавага канфлікту з Расіяй, паводле якога "Газпром" абавязаны неадкладна пагасіць запазычанасць за транзіт газу па беларускай тэрыторыі. Пра гэта гаворыцца ў лісце Саўміна за подпісам першага віцэ-прэм'ера Уладзіміра Сямашкі, накіраваным у "Газпром".

У сваю чаргу, «Белтрансгаз», як гаворыцца ў дакуменце, пагасіць запазычанасць за пастаўкі газу ў памеры 187 млн. даляраў, якая ўтварылася з пачатку 2010 года, да пятага ліпеня, а ўжо да 23 чэрвеня ў поўным аб’ёме разлічваецца за «блакітнае паліва», пастаўленае ў траўні, перадае БелТА.

Калі ж расійскі газавы холдынг працягне скарачаць аб’ёмы паставак газу ў Беларусь, беларускі бок для задавальнення патрэбаў народнай гаспадаркі і насельніцтва будзе вымушаны адбіраць газ з транзітнай газатранспартнай сістэмы, заявілі ў беларускім урадзе.

Беларусь пагадзілася плаціць за газ 184 даляры

Тым часам першы намеснік міністра энергетыкі Беларусі Эдуард Таўпянец пацвердзіў гатоўнасць беларускага боку пагасіць доўг за газ да пятага ліпеня і заявіў, што з гэтага моманту Мінск будзе плаціць за газ не па леташняй цане (150 даляраў за тысячу кубаметраў — Тэлеграф), а па цане другога кварталу гэтага года — 184 даляры.

Мінэнерга: «Газпром» сам не падпісвае акты прыёмкі па транзіце

Беларускі намеснік міністра таксама назваў не адпавяднай рэчаіснасці распаўсюджаную «Газпромам» праз СМІ інфармацыю аб тым, што расійскі доўг за транзіт газу праз Беларусь утварыўся па віне Мінску.

«У СМІ укідалася інфармацыя аб тым, што … нібыта няма дакументаў, якія пацвярджаюць акт прыёмкі газу (Беларуссю — Тэлеграф). Гэта зусім незразумела: ёсць кантракт, ёсць абавязанні, як можна ўводзіць у зман аб тым, што такіх актаў няма», — заявіў першы намеснік кіраўніка мінэнерга.

Па словах Эдуарда Таўпянца, усе акты прыёмкі газу Беларуссю падпісаў намеснік дырэктара «Белтрансгаза», які прадстаўляе «Газпром», аднак іх не падпісалі ў Маскве, таму абвінавачванні на адрас Беларусі ва ўзнікненні доўгу расійскай кампаніі за транзіт газу беспадстаўныя.

Как вам новость?
Головоломки