Беларусь пазычыць яшчэ 1,5 млрд. даляраў праз аблігацыі

26.10.2010 11:26
Архив Редакция

Савет міністраў Рэспублікі Беларусь 22 кастрычніка даручыў міністэрству фінансаў ажыццявіць у чацвертым квартале 2010 года — 2011 годзе знешнія запазычанні ў форме выпуску дзяржаўных аблігацый на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі на суму не больш за 15 млрд. расійскіх рублёў (500 млн. даляраў) і сусветным фінансавым рынку (еўрааблігацыі ) на суму не больш за адзін мільярд даляраў.

Падобнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове ўрада Беларусі № 1542 «Аб выпуску дзяржаўных доўгатэрміновых аблігацый» і № 1543 «Аб некаторых мерах па рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 кастрычніка 2010 года № 527». Дадзеныя пастановы прынятыя ў выкананне ўказаў прэзідэнта ад 13 траўня 2010 года № 245 «Аб выпуску дзяржаўных аблігацый Рэспублікі Беларусь» і ад 9 кастрычніка 2010 года № 527 «Аб арганізацыі выпуску дзяржаўных аблігацый Рэспублікі Беларусь».

Пастановай таксама ўхвалілі праекты праспекту эмісіі доўгатэрміновых дзяржаблігацый Беларусі і дамоваў, звязаных з выпускам аблігацый, іх размяшчэннем, абарачэннем і пагашэннем. Сярод іх — праект дамовы паміж урадам Беларусі ў асобе міністэрства фінансаў і кампаніяй «White & Case LLP» (ЗША) аб аказанні Беларусі паслуг юрыдычнага кансультанта па ангельскім праве; праект ліста паміж Беларуссю ў асобе міністэрства фінансаў і «Deutsche Bank AG» (філіял у Лондане, Вялікабрытанія) аб прызначэнні аплатнага агента і агента па лістынгу; праект агенцкага пагаднення паміж Беларуссю ў асобе міністэрства фінансаў і «Deutsche Bank AG» (філіял у Лондане), «Deutsche Bank Luxembourg SA» (Люксембург); праект ліста паміж міністэрствам фінансаў і «Sterling Financial Print Ltd»(Вялікабрытанія) аб прызначэнні друкаванага агенцтва; праект пагаднення аб падпісцы паміж Беларуссю ў асобе міністэрства фінансаў і «BNP Paribas» (філіял у Лондане), «Deutsche Bank AG» (філіял у Лондане), «Royal Bank of Scotland Pls» (Вялікабрытанія), ААТ «Сбербанк России», перадае БелТА.

Урад таксама ўпаўнаважыў міністра фінансаў Беларусі Андрэя Харкаўца на правядзенне перамоваў па праектах гэтых дакументаў і іх падпісанне. Само міністэрства абавязалі здзяйсняць выплату камісій, узнагарод і ажыццяўленне іншых выдаткаў, звязаных з выпускам, размяшчэннем, абарачэннем і пагашэннем аблігацый, за кошт сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце для абслугоўвання знешняга дзярждоўгу.

У сваю чаргу МЗС краіны па ўзгадненні з мінфінам павінна вызначыць працэсуальнага агента, упаўнаважанага на атрыманне і перадачу працэсуальных дакументаў па пытаннях магчымых судовых разглядаў у сувязі з выпускам, размяшчэннем, абарачэннем і пагашэннем аблігацый.

Як паведамляў Тэлеграф, у жніўні 2010 года Беларусь ужо размяшчала еўрааблігацыі на суму 1 млрд. даляраў пад 8,5-8,75% гадавых.

Злотнікаў: Беларусь упаўзае ў фінансавую піраміду

Беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў мяркуе, што «поспехі беларускай эканомікі і невялікі агульны знешні доўг (адносна ВУП ён у два-тры разы ніжэйшы, чым у Грэцыі ці ЗША) ужо не ўражваюць не толькі многіх беларусаў, але і людзей, якія добра разбіраюцца ў эканамічных праблемах, — замежных інвестараў».

«На рынку еўрабондаў урад змог пазычыць грошы толькі пад вельмі высокія адсоткі — 8,5-8,75% гадавых. (Гэта значыць, што на працягу пяці гадоў краіна павінна выплаціць толькі адсоткаў больш за 400 млн. даляраў (!), а потым вярнуць мільярд самага доўгу.) Для параўнання: Грэцыі, якая знаходзіцца на мяжы банкруцтва, пры размяшчэнні аблігацый урада цяпер даюць крэдыт пад 5%, а ЗША — наогул пад 2%. Паколькі ў нас працэнт пазык вышэйшы за тэмпы росту ВУП, то гэта азначае, што краіна ўпаўзае ў фінансавую піраміду», — адзначыў эканаміст у газеце «Беларусы і рынак».

На яго думку, праблемы Беларусі заключаюцца ў хранічным дэфіцыце гандлёвага балансу, які быў адмоўным апошнія 15 гадоў. «Негатыўнае сальда балансу за такі доўгі тэрмін сведчыць аб устойлівай неканкурэнтаздольнасці беларускай эканамічнай мадэлі або (што тое ж самае) аб нізкай эфектыўнасці вытворчасці і дзяржаўнага кіравання эканомікай», — падкрэсліў Леанід Злотнікаў.

Як адзначыў эканаміст, адмоўнае сальда бягучага рахунку паказвае велічыню адтоку валюты з краіны: даводзіцца аплочваць не толькі сальда гандлёвага балансу, але і абслугоўваць пазыкі і крэдыты, гэта значыць выплочваць працэнты і дывідэнды замежным інвестарам. Па словах Леаніда Злотнікава, для падтрымкі эканомікі краіны на дасягнутым узроўні спажывання ВУП валавое прыцягненне замежнай валюты павінна складаць не менш за мільярд даляраў на месяц.

«У той жа час сітуацыя з прыцягненнем валюты ў гэтым і наступных гадах значна горшая, чым у мінулым годзе. У другім паўгоддзі і ў пачатку наступнага года ўжо нельга разлічваць на крэдыты Расіі, МВФ ці Сусветнага банка, выплаты «Газпрома» у памеры 625 млн. даляраў. Нядаўняя спроба прадаць пяць прадпрыемстваў (і выканаць, нарэшце, абяцанні Беларусі МВФ) скончылася беспаспяхова. Чарговы выпуск еўрабондаў, нагадаем, — шлях да фінансавай піраміды».

Как вам новость?
Головоломки