Беларусь пазычыць на сусветных фондавых рынках мільярд даляраў

08.07.2010 09:05
Архив Редакция

У панядзелак, 12 ліпеня, Беларусь пачынае так званае road-show напярэдадні выпуску еўрааблігацый. Арганізатарамі сустрэч з еўрапейскімі інвестарамі, якія працуюць з паперамі c фіксаваным прыбыткам, выступілі банкі BNP Paribas, Deutsche Bank, The Royal Bank of Scotland і Ашчадбанк Расіі.

Па завяршэнні road-show Беларусь зможа прыняць канчатковае рашэнне аб выхадзе на рынак запазычанняў пры наяўнасці ўмоў для пазыкі, перадае ПРАЙМ-ТАСС са спасылкай на свае крыніцы на рынках.

У гэтым годзе сума запазычанняў Беларусі на сусветных фондавых рынках павінна скласці каля мільярда даляраў. Як адзначае беларуская служба Радыё «Свабода», чакаецца, што працэнтныя стаўкі па біржавых запазычаннях для Беларусі будуць дастаткова высокімі з-за нізкага суверэннага крэдытнага рэйтынгу краіны. Такім чынам, гэтыя пазыкі абыдуцца Беларусі ў чатыры-пяць разоў даражэй, чым крэдыты Міжнароднага валютнага фонду.

Як раней паведамляў Тэлеграф, па інфармацыі міністра фінансаў Беларусі Андрэя Харкаўца, арганізацыяй выпуску беларускіх аблігацыяў у Расіі на суму каля 500 млн. даляраў у эквіваленце ў расійскіх рублях будзе займацца Ашчадбанк РФ.

Кіраўнік фінансавага ведамства паведаміў пра тое, што міністэрства фінансаў Беларусі «абсалютна гатовае» для дэбютнага выпуску еўрабондаў. Разам з гэтым, кіраўнік мінфіна адзначыў, што ў сілу сітуацыі, якая склалася на сусветных фінансавых рынках, выходзіць на іх у цяперашні час складана.

Ураду Беларусі дазволілі ў 2010-2011 гадах выпусціць еўрааблігацыі на суму да двух мільярдаў даляраў з тэрмінам звароту не менш за пяць гадоў і размяшчэннем іх за межамі тэрыторыі краіны. Такое рашэнне прынята ўказам Аляксандра Лукашэнкі «Аб выпуску дзяржаўных аблігацыяў Рэспублікі Беларусь» ад 13 траўня № 245.