Беларусь плануе адмовіцца ад чвэрці імпарту расійскага газу

22.04.2011 14:26
Архив Редакция

Кіраўнік дэпартаменту па ядзернай энергетыцы міністэрства энергетыкі Беларусі Мікалай Груша 22 красавіка паведаміў, што з 2018 года, пасля ўводу ў эксплуатацыю абодвух энергаблокаў беларускай АЭС аб'ём закупак прыроднага газу з Расіі павінен скараціцца на пяць мільярдаў кубаметраў на год. Такім чынам, пасля запуску АЭС Беларусь скароціць аб'ёмы імпарту расійскага газу амаль на чвэрць.

Сёння Беларусь спажывае каля 21-22 млрд. кубаметраў прыроднага газу, які пастаўляецца з Расіі. Магутнасць беларускай АЭС складзе каля 2,4 тыс. мегават. Першы энергаблок станцыі плануецца запусціць у 2017 годзе, другі — у 2018 годзе, перадае БелТА.

Мікалай Груша падкрэсліў, што дзяржаўная палітыка Беларусі накіравана на актыўнае ўцягванне ў паліўны баланс краіны мясцовых і альтэрнатыўных відаў паліва. Так, энергетычную бяспеку Беларусі плануецца павышаць за кошт энергазберажэння, развіцця і мадэрнізацыі энергетычных магутнасцяў, а таксама ўкаранення сучасных высокаэфектыўных тэхналогій. Аднак усё гэта, на думку кіраўніка дэпартаменту, не зможа ў поўнай меры забяспечыць патрэбы Беларусі ў паліве.

«Таму будаўніцтва АЭС — гэта той праект, які дапаможа сапраўды сур’ёзна вырашыць пытанне значнага павышэння энергетычнай бяспекі краіны», — падкрэсліў Мікалай Груша.

Як раней перадаваў Тэлеграф, улады Беларусі прынялі рашэнне ў тэрміновым парадку ўзводзіць уласную АЭС, нягледзячы на тое, што суседнія краіны, а таксама кіраўніцтва Еўрасаюза заклікаюць Беларусь пачакаць з будаўніцтвам, правесці неабходныя адкрытыя абмеркаванні і кансультацыі з міжнароднымі экспертамі. У прыватнасці, сваю незадаволенасць з нагоды будаўніцтва АЭС на Астравецкай пляцоўцы не раз выказвала кіраўніцтва Літвы. Тым не менш, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас свайго апошняга звароту да народа і ўрада 21 красавіка заявіў, што Беларусь будзе будаваць «жыццёва неабходную АЭС», «чаго б гэта ні каштавала».

Как вам новость?
Головоломки