Беларусь плануе атрымліваць нафту з Азербайджана з сакавіка

21.12.2010 16:22
Архив Редакция

Беларускія ўлады плануюць атрымліваць з сакавіка 2011 азербайджанскую нафту. Пра гэта 21 снежня на пашыраным пасяджэнні дзвюх пастаянных камісій абедзвюх палат беларускага парламенту заявіў намеснік старшыні канцэрну "Белнафтахім" Браніслаў Сівы. "З сакавіка 2011 года да нас будзе паступаць азербайджанская нафта, якая будзе ісці па своп-кантракце праз Венесуэлу", — сказаў ён.

«Мы будзем атрымліваць па трубе азербайджанскую лёгкую нафту і, у прынцыпе, будзем мець нядрэнную эканоміку для працы на экспарт», — паведаміў намеснік кіраўніка канцэрну, перадае БелТА.

Браніслаў Сівы падкрэсліў, што Беларусь адпрацавала варыянт пастаўкі венесуэльскай нафты як альтэрнатыўнай. «Гэтую працу па дыверсіфікацыі мы будзем працягваць. Але гэта наша альтэрнатыва», — адзначыў намеснік старшыні «Белнафтахіма».

Між тым, паводле яго слоў, асноўныя пастаўкі нафты будуць весціся з Расіі, паколькі пасля адмены Масквой пошлінаў на нафту для Мінску, яе перапрацоўка будзе выгаднай для Беларусі.

Сівы: у 2011 годзе прыбытак ад нафтаперапрацоўкі ўзрасце да двух мільярдаў даляраў

Беларусь прагназуе ў выпадку ратыфікацыі шэрагу пагадненняў у рамках Мытнага саюза павелічэнне ў 2011 годзе паступленняў у бюджэт ад нафтаперапрацоўкі да двух мільярдаў даляраў пры 1,3 млрд. даляраў па выніках 2010 года. «Калі мы прымем гэтыя дакументы і ратыфікуем іх, працэс гандлю нафтай і нафтапрадуктамі на тэрыторыі Мытнага саюза будзе спрыяльным для Беларусі, мы маем усе магчымасці атрымліваць з 1 студзеня 2011 года нафту і нафтапрадукты бяспошлінна», — сказаў Браніслаў Сівы.

Паводле яго слоў, цана на нафту для Беларусі знізіцца амаль у два разы, а прыбыткі краіны ўзрастуць у дзесяць разоў — з 3 да 30 даляраў з адной тоны. Ён адзначыў, што беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы працуюць практычна на адных рынках з расійскімі. Намеснік кіраўніка «Белнафтахіма» паабяцаў таксама рост сальда знешнегандлёвага балансу па нафце і нафтапрадуктах ў 2011 годзе да 750 млн. даляраў (у 2010 годзе яно складзе -1,5 млрд. даляраў).

Акрамя таго, Браніслаў Сівы паабяцаў скласці канкурэнцыю расійскім нафтаперапрацоўчым заводам. «Расійскія НПЗ экспартуюць вельмі шмат нафтапрадуктаў, маючы танную сыравіну. Мы, маючы дарагую сыравіну, адпаведна, не маглі з імі канкураваць, таму што гэтая сыравіна ў два разы была даражэйшай», — канстатаваў ён.

«На сённяшні дзень мы найбольш зацікаўленыя, каб пачаць, нарэшце, працаваць у тых жа рынкавых умовах, як і астатнія НПЗ, паколькі працуем з імі на адным рынку. Гэта дазволіць тэхналагічна пастаянна мець загрузку беларускіх НПЗ», — падкрэсліў прадстаўнік «Белнафтахіма».

Как вам новость?
Головоломки