Беларусь плануе рэзка павялічыць пастаўкі малака ў Расію

15.02.2011 15:53
Архив Редакция

Беларускія ўлады запланавалі ў 2011 годзе павялічыць пастаўкі малочнай прадукцыі ў Расію да 3,6 млн. тон. Пра гэта 15 лютага на прэс-канферэнцыі заявіла начальніца ўпраўлення знешнегандлёвай палітыкі і замежных інвестыцый міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Тамара Усачова.

«У бягучым годзе ёсць дамоўленасць з расійскім бокам аб павелічэнні паставак малочнай прадукцыі да 3,6 млн. тон — гэта на 800 тыс. тон больш, чым у 2010 годзе. Мы плануем ў далейшым павелічэнне сваіх паставак на расійскі рынак. Гэта з’яўляецца прадметам абмеркавання мінсельгасхарча Беларусі і Міністэрства сельскай гаспадаркі Расійскай Федэрацыі», — цытуе Тамару Усачову БелТА.

Па словах чыноўніцы, беларускім экспарцёрам прадстаўлены добрыя шанцы для працы на рынку РФ.

Камерцыйны дырэктар Гандлёвага дома «Гродзенскі» Андрэй Бяззубаў, у сваю чаргу, лічыць, што беларускія тавары вельмі папулярныя. Такую пазіцыю ён аргументаваў вялікай наведвальнасцю сумеснага стэнда арганізацый і прадпрыемстваў Гарадзенскай вобласці падчас выставы «Прадэкспа-2011».

«Гэта сведчыць пра тое, якім попытам карыстаецца беларуская прадукцыі і, у прыватнасці, прадукцыя Гарадзенскай вобласці на расійскім рынку», — мяркуе ён.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, у студзені ў Беларусі падаражэла малако і мяса. Таксама паведамлялася, што 11 студзеня беларускія ўлады ўвялі неабмежаваную па працягласці забарону на ўвоз свініны з Ленінградскай вобласці Расіі праз пагрозу распаўсюджвання афрыканскай чумы свінняў, зафіксаванай у дадзеным рэгіёне.

Как вам новость?