Беларусь плануе вывезці ў Расію адпрацаванае ядзернае паліва

16.09.2010 16:43
Архив Редакция

Беларусь плануе вывезці адпрацаванае ядзернае паліва, назапашанае яшчэ з часоў СССР, у Расію. Пра гэта паведаміў 16 верасня 2010 года генеральны дырэктар Аб'яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў "Сосны" НАН Беларусі Вячаслаў Куўшынаў. Паводле яго слоў, бакі вырашаць дадзенае пытанне на працягу паўтара месяца.

Як патлумачыў Вячаслаў Куўшынаў, беларускія навукоўцы не маглі дамовіцца з расійскімі калегамі аб вывазе адпрацаванага ядзернага паліва цягам больш як 20 гадоў. Аднак цяпер бакі прыйшлі да пагаднення. «Мы дамовіліся аб вывазе ў Расію, праект ажыццяўляецца з дапамогай амерыканскіх калегаў, грошы вылучаныя, ідзе загрузка адпрацаванага паліва ў касеты і кантэйнеры», — распавёў гендырэктар інстытуту «Сосны».

Як расказаў вядучы навуковы супрацоўнік інстытуту Алій Малыхін, усяго ў Беларусі налічваецца каля дзвюх тон урана. Такая лічба была агучана прэзідэнтам Беларусі яшчэ ў 1998 годзе. Па словах Алія Малыхіна, гэта ўран рознай ступені ўзбагачэння, які навукоўцы выкарыстоўвалі ў эксперыментальных мэтах, перадае БелТА.

«Наш інстытут працуе даўно, і на перспектыўныя рэактары, перасоўныя станцыі, правядзенне іншых эксперыментаў неабходны быў уран, для чаго ён і набываўся», — растлумачыў спецыяліст. Ядзернае паліва назбіралася ў краіне з 1954 па 1987 год. «Гэта неапрамянёны чысты ўран, бо ён не выкарыстоўваўся на рэактарах, а ўжываўся для эксперыментаў ў тэхнічных мэтах», — дадаў Алій Малыхін.

Как вам новость?