Беларусь плануе зарабіць на экспарце яек і птушкі 300 млн. даляраў на год

17.08.2010 16:50
Архив Редакция

Беларускія ўлады маюць намер да 2015 года павялічыць экспарт мяса птушкі ў пяць разоў у параўнанні з 2009 годам. Прадаваць за мяжу будуць да 100 тыс. тон прадукту на год. Таксама на 40% павінен ўзрасці экспарт яек — да 0,7 млрд. штук. У выніку валютная выручка па гэтых дзвюх пазіцыях складзе да 299 млн. даляраў на год.

Такія паказчыкі закладзеныя ў праграме развіцця птушкагадоўлі на 2011-2015 гады, якая вынесена сёння, 17 жніўня, на паседжанне Саўміна Беларусі. Згодна з дакументам, выкананне экспартных паказчыкаў будзе забяспечана за кошт павелічэння да 2015 года вытворчасці мяса птушкі ў два разы да 548 тыс. тон у жывой вазе.

Мяркуецца, што вытворчасць яек узрасце на 15% да 3,8 млрд. штук (390 шт. на душу насельніцтва), перадае АФН.

На рэалізацыю праграмы за пяць гадоў плануюць выдаткаваць 1,3 млрд. даляраў (3,9 трлн. рублёў). Пры гэтым агульны аб’ём вытворчасці мяса птушкі і яек за будучую пяцігодку ацэньваецца ў 10 трлн. рублёў.

У якасці крыніц фінансавання праграмы названы: уласныя сродкі прадпрыемстваў (13,5%), крэдыты банкаў (84,8%), рэсурсы рэспубліканскага бюджэту (2%).

Кіраўнік мінсельгаспрада Міхаіл Русы расказаў аб актыўнай працы па прыцягненні замежных інвестыцыяў для рэалізацыі гэтай праграмы. Так, па словах міністра, «даволі сур’ёзныя намеры» па будаўніцтве птушкафабрык мае кампанія «Лукойл» і інвестар з Сірыі. Тым не менш, спісам крыніц фінансавання праграмы замежныя інвестары не прадугледжаны.

Згодна з праграмай, да 2015 года рэнтабельнасць мясной птушкагадоўлі складзе не менш за 40%, вытворчасці яек — 20%.

Как вам новость?