Беларусь плануе здабыць у Іране і Венесуэле 21 млн. тон нафты

25.08.2010 09:33
Архив Редакция

Урад Беларусі сваёй пастановай № 1180 зацвердзіў стратэгію развіцця энергетычнага патэнцыялу краіны, паводле якой у бліжэйшыя гады плануецца здабыць за межамі Беларусі да 21 млн. тон нафты. У той жа час у дакуменце падкрэсліваецца, што гэтыя лічбы ўяўляюць сабой аптымістычны сцэнар нафтаздабычы за мяжой.

Як заяўляюць у Саўміне, прычынамі выхаду Беларусі на здабычу «чорнага золата» за межамі сваёй тэрыторыі сталася заканамернае зніжэнне нафтаздабычы ў рэспубліцы. У цяперашні час паспяхова рэалізуюцца, у прыватнасці, сумесныя праекты па распрацоўцы радовішчаў на тэрыторыі Венесуэлы і Ірана, адзначаецца ў стратэгіі.

У Венесуэле аб’ём здабычы нафты сумесным прадпрыемствам «Петралера Белавенесалана» за перыяд з 2008 года па чэрвень 2010 года перавысіў 1,7 млн. тон. У мэтах развіцця гэтага сумеснага прадпрыемства і нарошчвання аб’ёмаў здабычы нафты ў 2009 годзе да яго дадаткова далучаны нафтавыя актывы Остра і Арытупаны Нортэ — у сухапутнай частцы Венесуэлы і Лагунілас блок-2 на шэльфе возера Маракаіба, праінфармавалі ва ўрадзе.

Вядуцца працы па сумеснай здабычы нафты на блоку Хунін-1 у басейне ракі Арынока, па якім падрыхтаваны бізнэс-план распрацоўкі. У адпаведнасці з аптымістычным варыянтам плана распрацоўкі здабычу плануецца пачаць у 2013 годзе з аб’ёмам 2,9 млн. тон на год на працягу двух гадоў. Затым сярэднегадавая здабыча павялічыцца да 5,8 млн. тон на год, а пасля будаўніцтва будынкаў інфраструктуры дасягне аптымальнай — каля 11,6 млн. тон на год.

Па песімістычным варыянце распрацоўкі радовішча аб’ём здабычы нафты плаўна нарастае і дасягне максімуму ў 7,5 млн. тон на год да 2020 года і працягнецца да 2027 года.

У Іране Беларусь плануе здабыць за 10 гадоў амаль 10 млн. тон нафты

Створанае ў Іране сумеснае прадпрыемства ўдзельнічае ў праекце распрацоўкі радовішча Джуфэйр. У адпаведнасці з генеральным планам распрацоўкі радовішча праводзіцца падрыхтоўка радовішча да ўводу ў прамысловае асваенне (прасвідравана 4 свідравіны, ствараецца інфраструктура), распавялі ў Саўміне.

Максімальны аб’ём нафты, планаваны да здабычы беларуска-іранскім сумесным прадпрыемствам да чацвертага года распрацоўкі радовішча, складзе каля 1,3 млн. тон нга год. Перыяд стабільнай здабычы нафты — 10 гадоў. За 10 гадоў назапашвання здабыча нафты складзе 9,3 млн. тон, упэўнены аўтары стратэгіі.

Пастаўкі венесуэльскай нафты Беларусь плануе ажыццяўляць праз парты чатырох краін

Акрамя ўласна здабычы нафты ў далёкім замежжы Беларусь плануе купляць нафту ў Венесуэлы. Запланаваныя аб’ёмы паставак складуць чатыры мільёны тон у перыяд па травень 2011 года і дзесяць мільёнаў тон на год у далейшым.

Урад прапрацаваў магчымыя маршруты паставак нафты марскім транспартам і прыйшоў да высновы, што для іх ажыццяўлення прыдатныя пяць партоў, размешчаныя ў чатырох краінах: Адэса і Паўднёвы (Украіна), Вентспілс (Латвія), Клайпеда (Літва), Талін (Эстонія).

Акрамя таго, гаворыцца ў стратэгіі, беларускі бок прапрацаваў магчымасць пастаўкі нафты праз балтыйскія і чарнаморскія парты з Азербайджана і краін Персідскага рэгіёну.

Как вам новость?
Головоломки