Беларусь прайграла Фінляндыі на чэмпіянаце свету па хакеі

15.05.2010 10:12
Архив Редакция

Зборная Беларусі з паразы ад каманды Фінляндыі пачала 14 траўня кваліфікацыйны раўнд чэмпіянату свету па хакеі, які праходзіць у Нямеччыне, саступіўшы фінам з лікам 0:2. Шайбы ў вароты зборнай Беларусі закінулі: 1:0 — Іманен (Міетынен, 27.23, у большасці), 2:0 — Хютанен (Пільстрэм, Пюістала, 32.19).

Фіны, у якіх напярэдадні быў выходны дзень, выглядалі свяжэй за беларускую дружыну. Асабліва гэта стала прыкметна ў другім перыядзе, у сярэдзіне якога ў вароты Андрэя Мезіна ўляцелі дзве шайбы. Спачатку форвард казанскага «Ак Барса» Ярка Іманен, апынуўшыся без нагляду каля штангі, паразіў блізкі вугал і рэалізаваў камандны штраф за парушэнне лікавага складу. А затым падчас замены беларусы праваронілі контратаку, якую хвосткім кідком з ходу завяршыў Юха-Пека Хютанен, паведамляе БелТА.
Апроч прапушчаных галоў другі перыяд быў азмрочаны траўмай 18-гадовага абаронцы Кірыла Гатаўца, якога прыпячатаў да борта 101-кілаграмовы 22-гадовы форвард Оскар Осала, які далучыўся да зборнай Фінляндыі толькі напярэдадні матчу з беларусамі.
Гатаўца павезлі з пляцоўкі на насілках і адразу ж адправілі ў шпіталь. Папярэдні дыягназ — сатрасенне мазгоў. Так што пакінутую пакуль у нашай заяўцы вакансію беларускі штаб, магчыма, запоўніць не форвардам, як меркавалася, а гульцом абароны.
20-гадовы цэнтральны нападнік «Трай-Сіці Амерыканс» Сяргей Дрозд, які прыбыў у Кёльну за некалькі гадзінаў да гульні, удзелу ў матчы так і не прыняў, хаця быў уключаны ў склад.
Лепшымі гульцамі паядынку па версіі дырэктарата прызнаны Юха-Пека Хютанен і Руслан Салей.
Галоўны трэнер зборнай Беларусі Эдуард Занкавец, каментуючы на пасляматчавай прэс-канферэнцыі гульню з Фінляндыяй, панаракаў на няўдалую другую дваццацімінутку. «Ізноў нас падкасіў другі перыяд. Хаця, прызнаю, фіны мелі перавагу па ходзе матчу. Дзякуючы выдатнай гульні Андрэя Мезіна супернікам не ўдалося рэалізаваць мноства добрых момантаў. Да сваіх падапечных прэтэнзій не маю, яны біліся да канца», — прыводзіць словы настаўніка прэс-служба Федэрацыі хакея Беларусі.
14 траўня ў кваліфікацыйнай групе Е ў Кёльне адбыўся яшчэ адзін паядынак, у якім славакі пацярпелі разгромную паразу ад датчанаў.
Славакія — Данія — 0:6 (Рэгінаў, 2, Ф.Ларсен, 5, у большасці 5 на 3, Мадс Крыстэнсен-малодшы, 5, у большасці, Мадсен, 11, у большасці, Грэен, 13, Ласен, 14).
Сёння днём зборная Беларусі правядзе ў Кёльне трэніроўку, а наступныя матчы згуляе з Нямеччынай (16 траўня, у 21.15 па мінскім часе) і Даніяй (17 траўня, 21.15).
Пакуль жа турнірнае становішча ў нашай групе Е такое: Данія — 6 ачкоў (розніца шайбаў 11-4), Расія — 6 (6-2), Фінляндыя — 6 (4-4), Нямеччына — 3 (3-2), Славакія — 3 (5-11), Беларусь — 0 (3-9). Данія, Славакія, Фінляндыя і Беларусь правялі па 3 матчы, Расія і Нямеччына — па 2.
У групе F у Мангейме 14 траўня прайшло два матчы:
Канада — Нарвегія — 12:1 (Э.Кейн, 14, 40, у большасці, Перы, 24, у большасці, Джыярдана, 34, Таварэс, 37, у меншасці, 46, 50, Певерлі, 38, Доўні, 39, Уітні, 40, у большасці 5 на 3, Эберле, 41, у большасці, Дзюшэн, 51 — Холас, 2).
Швецыя — Латвія — 4:2 (Пааярві-Свенсан, 1, Экман-Ларсан, 6, М.Нюландэр, 15, Мортэнсан, 58 — Карсумс, 1, 46).
Турнірнае становішча ў групе F: Канада — 6 (19-6), Швейцарыя — 6 (7-2), Швецыя — 6 (10-6), Чэхія — 3 (4-4), Нарвегія — 3 (6-19), Латвія — 0 (4-13). Канада, Нарвегія, Швецыя і Латвія правялі па 3 матчы, Швейцарыя і Чэхія — па 2.
Сёння адбудуцца два паядынку кваліфікацыйнага раўнду: Расія — Нямеччына і Швейцарыя — Чэхія. 
Па выніках другога этапу ў чвэрцьфінал патрапяць па чатыры лепшыя каманды кожнай з шасцёрак.
У спрэчцы бамбардзіраў лідзіруюць: Рэй Уітні (Канада) — 7 (1+6) ачкоў, Джон Таварэс (Канада) — 6 (6+0), Магнус Пааярві-Свенсан (Швецыя) — 6 (3+3), Дакарай Перы (Канада) — 6 (2+4), Патрык Торэсен (Нарвегія) — 6 (2+4), Петэр Рэгін (Данія) — 6 (2+4), Марцін Плюс (Швейцарыя) — 5 (3+2), Ярамір Ягр (Чэхія) — 5 (2+3), Мэт Дзюшэн (Канада) — 5 (2+3).
Чатыры няўдачнікі папярэдніх групаў (Казахстан, Італія, Францыя і ЗША) у кругавым турніры пазмагаюцца за захаванне месца ў элітным дывізіёне. Дзве горшыя каманды растануцца з элітнай прапіскай. Турнір за выжыванне пачнецца сёння, калі пройдуць сустрэчы ЗША — Казахстан і Італія — Францыя.

Как вам новость?