Беларусь прапанавала арганізаваць форум ўсходняга развіцця

14.12.2010 10:58
Архив Редакция

Беларусь выступіла з прапановай арганізаваць у рамках праекту «Усходняе партнёрства» Форум ўсходняга развіцця. Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў, выступаючы 13 снежня ў Бруселі на міністэрскай сустрэчы «Усходняга партнёрства», адзначыў, што падобны форум мог бы стаць ключавым элементам для супрацоўніцтва бізнэс-структураў і ўрада.

У сваім выступленні Сяргей Мартынаў звярнуў увагу на неабходнасць пашырэння практычнага супрацоўніцтва ў рамках праекту «Усходняе партнёрства». Менавіта для гэтага беларуская дэлегацыя прапанавала аб’яднаць усе зацікаўленыя кампаніі, асацыяцыі і дзяржаўныя агенцтвы ў рамках Форуму ўсходняга развіцця.

Як паведамілі ў МЗС Беларусі, у пасяджэнні міністэрскай сустрэчы ініцыятывы «Усходняе партнёрства» прынялі ўдзел Еўракамісар па пашырэнні і еўрапейскай палітыцы суседства Штэфана Фюле, кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў замежных спраў шасці краін-партнёраў і краін-членаў Еўрапейскага саюза. Старшынёй сустрэчы выступіла прадстаўніца ЕС па міжнародных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан.

Пасяджэнне праводзілася з мэтай азнаямлення з бягучай дзейнасцю праекту, а таксама з мэтай ацэнкі дасягнутага прагрэсу па рэалізацыі «Усходняга партнёрства». Акрамя таго ўдзельнікі сустрэчы абмеркавалі ход падрыхтоўкі да саміту «Усходняга партнёрства» на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і кіраўнікоў урадаў, які павінен прайсці ў траўні 2011 года ў Будапешце.

У рамках падрыхтоўкі да саміту дэлегацыя Беларусі ўнесла прапановы аб падрыхтоўцы пераліку стратэгічных праектаў «Усходняга партнёрства», а таксама распрацоўцы дарожнай карты дзеянняў «Усходняга партнёрства» на бліжэйшыя два гады.

Сяргей Мартынаў таксама выступіў за ўзмацненне праектнага складніку шматбаковага супрацоўніцтва «Усходняга партнёрства», у тым ліку па такім напрамку як забеспячэнне энергетычнай бяспекі і пашырэнне ўдзелу трэціх краінаў у праектах пад эгідай «Усходняга партнёрства».

Как вам новость?
Головоломки