Беларусь прапанавала долю ў БКК расійскаму "Сільвініту"

08.09.2010 10:28
Архив Редакция

Улады Беларусі гатовыя даць найбуйнейшаму расійскаму вытворцу калійных угнаенняў ААТ «Сільвініт» частку акцый ЗАТ «Беларуская калійная кампанія», што ў сваю чаргу ўмацуе ўплыў БКК на сусветным рынку калійных угнаенняў. "Дзверы адчыненыя", — заявіў 3 верасня чыноўнік з адміністрацыі беларускага прэзідэнта, які пажадаў застацца невядомым.

Па словах чыноўніка, далучэнне «Сільвініта» да «Беларускай калійнай кампаніі» створыць «гульца з вялізнай сілай», здольнага надаць «стабільнасць» рынку калійных угнаенняў, перадае Bloomberg.

На дадзены момант на долю БКК, акцыянерамі якой з’яўляюцца расійскі ААТ «Уралкалі», беларускае РУП ПА «Беларуськалі» і ДА Беларуская чыгунка, прыпадае экспарт 12 млн. тон калійных угнаенняў на год, або 30% сусветнага рынку ўгнаенняў. У выпадку далучэння «Сільвініта» доля БКК ўзрасце да 44%.

У ліпені-жніўні 2010 года Зелімхан Муцоеў і Анатоль Скураў, якія з’яўляюцца кампаньёнамі ўладальніка «Уралкалія» Сулеймана Керымава, набылі 44% акцый ААТ «Сільвініт». У цяперашні час кампаніі разглядаюць магчымасці зліцця, чаму, аднак, можа запрацівіцца Федэральная антыманапольная служба Расіі. У любым выпадку, як заявіла эксперт Марына Аляксеенкава, «Сільвініт» будзе каардынаваць продажы на знешнім рынку з «Уралкаліем».

Як паведамляе афіцыйны сайт БКК, ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» было заснавана ў красавіку 2005 года РУП ВА «Беларуськалі» і ААТ «Уралкалі». Пры гэтым акцыянерам належала па 50% акцый кампаніі. У траўні 2008 года склад акцыянераў змяніўся, і цяпер акцыі БКК размяркоўваюцца наступным чынам: «Уралкалі» — 50%, «Беларуськалі» — 45% і ГА «Беларуская чыгунка» — 5%.

У 2007 годзе на долю сямі кампаніяў — «Беларуськалія», «Уралкалія», «Сільвініта», канадскай Potash Corp., ізраільскай Israel Chemicals, амерыканскай Mosaic і нямецкай K+S AG — прыпадала 85% рынку калійных угнаенняў. Акрамя таго, «Беларуськалі» падпісаў пагадненне з урадам Туркменістана на распрацоўку калійных радовішчаў у краіне на суму каля 1 млрд. даляраў.

Как вам новость?