Крыніца: Мінск гатовы на саступкі дзеля нізкіх пошлінаў на аўто для фізасобаў

04.05.2010 13:53
Архив Редакция

Стаўкі мытных пошлінаў на імпартаваныя аўтамабілі для фізічных асобаў у Беларусі могуць захавацца на цяперашнім узроўні з правам продажу машыны раз у тры гады. Пры продажы раней за тры гады трэба будзе выплаціць пошліны па стаўцы як для юрыдычных асобаў. Такая прапанова цяпер абмяркоўваецца краінамі-ўдзельніцамі Мытнага саюза (Беларусь, Расія, Казахстан).

Прапанова рыхтуецца да разгляду 21 траўня на ўзроўні кіраўнікоў урадаў на паседжанні Міждзяржаўнай рады ЕЎРАЗЭС, вышэйшага органа Мытнага саюза. Пра гэта паведаміў прадстаўнік экспертнай групы адной з краін-удзельніц перамоваў у інтэрв’ю ПРАЙМ-ТАСС.
«У апошні час прадстаўнікі мытнага ведамства Беларусі неаднаразова публічна выказваліся на карысць захавання дзейснага памеру ставак на аўтамабілі для фізасобаў, аргументуючы гэта тым, што грамадзяне краіны змогуць дазволіць сабе жаданы аўтамабіль, а эканоміка атрымае ад гэтага дадатковыя фінансавыя струмені ад мытных пошлінаў, продажу бензіну, паслугаў СТО. Пры гэтым беларускі бок робіць некаторы крок насустрач Расійскай Федэрацыі, прапануючы дазволіць продаж аўтамабіля фізасобай не раней за тры гады», — пракаментаваў гэтыя прапановы прадстаўнік экспертнай групы.
Цяпер у Беларусі фізасобы могуць завезці аўтамабіль з выплатай паніжаных ставак мытных пошлінаў раз на год. Як раней заявіў намеснік старшыні ДМК Беларусі Леанід Досаў, «пытанне пра ўвазныя пошліны на аўтамабілі для фізасобаў у рамках Мытнага саюза павінна быць вырашаны да першага ліпеня 2010 года, аднак ДМК Беларусі плануе ўрэгуляваць яго ўжо ў траўні, зыходзячы з інтэнсіўнасці бягучых перамоваў».

Как вам новость?