Беларусь, Расія і Казахстан дамовіліся з ліпеня запусціць МС

05.07.2010 10:29
Архив Редакция

Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў на паседжанні Міждзяржаўнага Савета Еўразійскай эканамічнай супольнасці ў Астане паведаміў, што Беларусь, Расія і Казахстан дамовіліся з ліпеня запусціць Мытны саюз. Акрамя таго, казахскі лідар адзначыў, што ўжо актыўна прапрацоўваецца пытанне аб наступным этапе інтэграцыі - фармаванні прававой базы Адзінай эканамічнай прасторы.

«Самым галоўным дасягненнем 10-гадовай гісторыі ЕўрАзЭС, безумоўна, з’яўляецца завяршэнне фармавання Мытнага саюза. Гэта сапраўды знамянальная падзея і цяпер, абмяркоўваючы ў вузкім коле гэтае пытанне, мы вырашылі сёння падпісаць гэты дакумент і запусціць з ліпеня месяца Мытны саюз», — цытуе Нурсултана Назарбаева БелТА.

Кіраўнік Казахстана нагадаў, што ў рамках Мытнага саюза дзейнічае Адзіны мытны тарыф, прынята дамова аб Мытным кодэксе. Таксама падчас правядзення саміту ЕўрАзЭС у Астане прэзідэнты падпісалі новую рэдакцыю Статута суда супольнасці.

Па словах Нурсултана Назарбаева, прынятыя ў рамках ЕўрАзЭС меры, такія як стварэнне антыкрызіснага фонду, план сумесных дзеянняў па пераадоленні негатыўных наступстваў сусветнага фінансавага крызісу, адыгралі немалаважную ролю ў паспяховым яго пераадоленні.

Прэзідэнт Казахстана адзначыў, што ЕўрАзЭС з’яўляецца найбольш паспяховым інтэграцыйным аб’яднаннем на постсавецкай прасторы.