Беларусь, Расія і Казахстан падпісалі ўсе дакументы па АЭП

09.12.2010 17:26
Архив Редакция

На пасяджэнні найвышэйшага органа Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана кіраўнікі трох дзяржаў падпісалі пакет дакументаў, які стане дамоўна-прававой базай Адзінай эканамічнай прасторы ў рамках Еўразійскай эканамічнай супольнасці. Таксама лідары трох краін прынялі па выніках саміту дэкларацыю аб фармаванні ЕЭП.

«У адпаведнасці з планам дзеянняў па фармаванні АЭП, зацверджаным 19 снежня 2009 года, гэтыя дакументы ўступяць у сілу з 1 студзеня 2012 года, што будзе азначаць пачатак паўнавартаснага функцыянавання Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстана і Расіі», — гаворыцца ў дакуменце, тэкст якога прыводзіць РИА «Новости».

«Пачатак функцыянавання Адзінай эканамічнай прасторы надасць новы імпульс развіццю больш цеснай інтэграцыі, збліжэнню эканомік дзяржаў-удзельніц у мэтах паскарэння сацыяльна-эканамічнага прагрэсу нашых краінаў, росту дабрабыту нашых народаў», — заявілі прэзідэнты Беларусі, Расіі і Казахстана і выказалі ўпэўненасць, што неўзабаве да мытнага саюза і АЭП далучацца Кыргызстан і Таджыкістан.

«Хацеў бы выказаць сваю ўдзячнасць прэзідэнтам за ўзаемадзеянне і рашучыя ўказанні, якія аддаваліся іх камандам, урадам, адпаведным экспертным службам, што ўдалося зрабіць працу сапраўды ўзгодненай і канструктыўнай. Я ў цэлым вельмі задаволены тым, як мы працавалі», — адзначыў расійскі лідар Дзмітры Мядзведзеў.

Как вам новость?
Головоломки