Беларусь, Расія і Кітай хочуць стварыць высакахуткасную чыгуначную сувязь

03.12.2010 09:42
Архив Редакция

Беларусь, Расія і Кітай хочуць арганізаваць высокахуткасную чыгуначную сувязь, паведаміў 1 снежня журналістам начальнік Беларускай чыгункі Анатоль Сівак. "Ужо створана працоўная група пры ўдзеле спецыялістаў трох краін, якая прапрацоўвае праект па будаўніцтве асобнай чыгункі маршруту Мінск — Масква", — адзначыў Анатоль Сівак.

Плануецца, што цягнікі будуць развіваць на ёй хуткасць да 300 км/г. Аднак інвестараў, гатовых укласці сродкі ў праект, пакуль што няма, адзначыў начальнік БЧ. «Мы запланавалі па гэтым пытанні даклад, праца над ім ужо ідзе. Далей будзе складацца бізнэс-план, будзем шукаць інвестараў», — перадае БелТА словы кіраўніка Беларускай чыгункі.

Аднак найбольш важным пытаннем, лічыць ён, з’яўляецца ўзняцце ў краіне попыту на аказанне такіх паслуг. «Пад адзін цягнік на суткі гэта не будзе будавацца, гаворка ідзе аб вялікіх капітальных укладаннях, трэба як мінімум 10 цягнікоў. Калі б у Мінску насельніцтва дасягала васьмі мільёнаў чалавек, то мы б казалі, што эканоміка праекту атрымаецца», — кажа Анатоль Сівак.

Таму прапрацоўваюцца і іншыя магчымыя напрамкі ў рамках глабальнага праекту — напрыклад, развіваць чыгуначную сувязь Усход-Захад. «У сувязі з гэтым мы працуем над тым, каб у нас былі пракладзеныя трасы, была неабходная нарматыўная база і тэхнічныя нормы», — дадаў начальнік Беларускай чыгункі.

Гаворачы аб развіцці хуткасцяў пасажырскіх цягнікоў унутры краіны, Анатоль Сівак таксама патлумачыў, што на тэрыторыі Беларусі пасажырскія цягнікі развіваць вялікую хуткасць проста не могуць — бо разам з імі па адных і тых жа шляхах ідуць грузавыя саставы, якія здольныя рухацца не хутчэй за 120 км/г.

«Сумясціць на адным шляху сасатаў, які ідзе з такой хуткасцю, і састаў, які ідзе хутчэй, — складаная тэхнічная праблема. Асабліва востра яна ўстае на так званых крывых. Калі іх шмат, неэфектыўна дасягаць большай хуткасці, чым 160 км/ч», — рэзюмаваў Анатоль Сівак.

Аднак у Беларусі ўсё ж ёсць участкі, на якіх пуці менш скрыўленыя. Па іх пасажыры могуць перамяшчацца з хуткасцю да 200 км/г.

Как вам новость?