Беларусь, Расія і Украіна падпісалі пагадненне па працы энергасістэмаў

15.07.2010 08:55
Архив Редакция

Беларусь, Расія і Украіна падпісалі тэхнічнае пагадненне аб забеспячэнні паралельнай працы энергасістэмаў трох краін. Пагадненне было падпісана паміж ААТ "ФСК АЭС", ААТ "СА АЭС", ДВА "Белэнерга", РУП "АДУ" ("Аператыўна-дыспетчарскае ўпраўленне", Беларусь) і НЭК "Укрэнерга".

Дадзенае пагадненне з’яўляецца асноўным дакументам, які рэгулюе ўзаемадзеянне сістэмных аператараў і сеткавых кампаній пры забеспячэнні паралельнай працы энергасістэмаў Расіі, Украіны і Беларусі. Пагадненне вызначае адказнасць і ўзаемадзеянне бакоў, уключаючы ўзгадненне дзеянняў па планаванні і забеспячэнні выканання ўзгодненых пагадзінных графікаў сальда ператоку электрычнай энергіі, рэгуляванне магутнасці пры падтрыманні частаты і эксплуатацыю міждзяржаўных лініяў электраперадачы, паведамляе РИА «Новости».

«У адпаведнасці з падпісаным пагадненнем, ААТ «СА АЭС» сумесна з РУП «АДУ» і НЭК «Укрэнерга» ажыццяўляе кругласуткавае аператыўна-дыспетчарскае кіраванне паралельнай працай энергасістэмаў, — адзначаецца ў распаўсюджаным 14 ліпеня паведамленні. — Сярод асноўных абавязкаў — падтрыманне частаты пераменнага току у дапушчальных значэннях, рэгуляванне сальда ператоку электраэнергіі і магутнасці нацыянальных энергасістэмаў, скаардынаванае планаванне рэжымаў паралельнай працы энергасістэмаў, каардынацыя дзеянняў па прадухіленні і ліквідацыі тэхналагічных парушэнняў».

Акрамя гэтага, дакумент таксама прадугледжвае неабходнасць стварэння ўмоваў для ўзаемнага абмену тэхналагічнай інфармацыяй, неабходнай для арганізацыі і ажыццяўлення паралельнай працы энергасістэмаў Расіі, Беларусі і Украіны, а таксама абавязак ўзаемнага інфармавання аб намячаных мерапрыемствах па тэхнічным пераўзбраенні і рэканструкцыі энергааб’ектаў, якія ўплываюць на паралельную працу энергасістэмаў.

Як адзначаецца ў паведамленні, неабходнасць распрацоўкі тэхнічнага пагаднення была выкліканая патрабаваннем удасканалення нарматыўнай базы, якая рэгулюе ўмовы паралельнай працы АЭС Расіі, АЭС Украіны і АЭС Беларусі.

«У прыватнасці, нарматыўная база, якая дзейнічала дагэтуль, не ў поўнай меры ўлічвала працу АЭС Расіі ва ўмовах гуртовага рынку электраэнергіі і магутнасці, а таксама звязаную з гэтым неабходнасць пагадзіннага планавання і ўліку ператоку электраэнергіі. Акрамя таго, за апошняе дзесяцігоддзе істотна ўскладніліся рэжымы працы энергасістэмаў з прычыны павелічэння аб’ёмаў спажывання магутнасці і развіцця электраэнергетычных комплексаў ўсіх трох краін, што таксама прывяло да неабходнасці перагляду нарматыўнай базы «- гаворыцца ў паведамленні.