Беларусь сёлета плануе здабыць 1,7 млн. тон нафты

26.08.2010 08:52
Архив Редакция

Беларусь у 2010 годзе плануе здабыць 1,7 млн. тон нафты і 203,8 млн. кубаметраў спадарожнага нафтавага газу. Такім чынам, прарост здабываных запасаў нафты складзе 1,1 млн. тон. Пра гэта гаворыцца ў зацверджанай урадам стратэгіі развіцця энергетычнага патэнцыялу Беларусі.

Беларускія радовішчы нафты сканцэнтраваны ў адзінай нафтагазаноснай вобласці — Прыпяцкай упадзіне. Яе плошча складае каля 30 тыс. квадратных кіламетраў. Рэшткавыя здабываныя запасы нафты прамысловых катэгорыяў складаюць 56,2 млн. тон.

Як гаворыцца ў дакуменце новай стратэгіі, штогод беларускія геолагі адкрываюць некалькі новых радовішчаў нафты. Так, на сённяшні дзень у Беларусі распрацоўваецца 59 радовішчаў. Як правіла, нафта, якая здабываецца ў Беларусі, высокай якасці — лёгкая, з нізкай удзельнай вагой, з малым утрыманнем серы і парафіну.

Аднак, з кожным годам здабыча нафты і спадарожнага газу ў Беларусі праз спусташэнне наяўных запасаў зніжаецца. Многія беларускія радовішчы нафты знаходзяцца на заключнай стадыі распрацоўкі. Таму ўрад лічыць неабходным правядзенне геолага-тэхнічных мерапрыемстваў, накіраваных на павелічэнне нафтааддачы пластоў і інтэнсіфікацыю здабычы нафты ў Беларусі.

Так, на 2015 год запланавана здабыча 1,6 млн. тон нафты і каля 200 млн. кубаметраў спадарожнага нафтавага газу. Для рэалізацыі дадзенага плану на РУП «Беларуснафта» будуць ўкаранёны новыя перадавыя тэхналогіі ў галіне свідравання і распрацоўкі залежаў нафты і газу, геолага-тэхнічных мерапрыемстваў і падтрымання пластовага ціску. Выдаткі на рэалізацыю дадзенага праекту на перыяд да 2015 года складуць каля 1,8 трлн. рублёў.

Как вам новость?
Головоломки