Беларусь спіша Украіне доўг за зніжэнне кошту на транзіт нафты

01.07.2010 09:40
Архив Редакция

Пасол Беларусі ва Украіне Валянцін Вялічка паведаміў, што Беларусь разлічвае на зніжэнне стаўкі транзіту на электраэнергію і венесуэльскую нафту з боку Украіны. Дыпламат падкрэсліў, што Беларусь ніколі не прапаноўвала разглядаць пытанне ўрэгулявання фінансавых абавязанняў суб'ектаў гаспадарання як знешні дзяржаўны доўг Украіны.

«Зразумела, што наўрад ці сёння нехта можа казаць, што выкладзі нейкую суму. Але ёсць шляхі такога двухбаковага развіцця. Мы купляем вялікую колькасць электраэнергіі — у гэтым годзе 2,5 млрд. кВт гадзін. Плюс 1,5 млрд. кВт гадзін пастаўляецца праз Беларусь у Літву. Мы венесуэльскую нафту транспартуем праз Украіну. Тут таксама ёсць магчымасці зніжэння таго ж транспартнага тарыфу», — перадае словы амбасадара «Обозреватель».

У сваю чаргу, пасол Украіны ў Беларусі Раман Бязсмертны заявіў газеце «Левы бераг», што Украіна прызнала доўг перад Беларуссю ў памеры 134 млн. даляраў. «Сума доўгу зафіксавана ў міждзяржаўных перамовах і прызнана ўкраінскім бокам. Цяпер трэба шукаць механізм вырашэння гэтага пытання», — сказаў дыпламат.

Вялічка: доўг Украіны не звязаны з абменам граматамі аб дзяржмяжы

Амбасадар Беларусі Валянцін Вялічка ўхіліўся ад адказу на пытанне аб ўзаемасувязі праблемы доўгу Украіны з працэдурай абмену граматамі аб ратыфікацыі дамовы аб дзяржаўнай мяжы ад 1997 года, перадае REGNUM.

«Мы ратыфікавалі, стаіць пытанне аб абмене ратыфікацыйнымі граматамі. Для людзей, якія жывуць на 1080 кіламетрах гэтай мяжы, гэта ніяк не адбіваецца. Гаворка ідзе ўжо пра перспектыву, пра інтэграцыйны працэс Украіны ў ЕС», — адзначыў беларускі дыпламат.
 
На думку Вялічкі, абмен ратыфікацыйнымі граматамі не з’яўляецца «вострым пытаннем», бо бакі не маюць адзін да аднаго якіх-небудзь тэрытарыяльных прэтэнзіяў.

Как вам новость?