Беларусь і Сірыя хочуць рэалізаваць трохбаковыя праекты з Венесуэлай

26.07.2010 16:56
Архив Редакция

Беларусь і Сірыя маюць намер рэалізаваць трохбаковыя праекты з Венесуэлай і Катарам. Пра гэта паведаміў 26 ліпеня прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па выніках сустрэчы з прэзідэнтам Сірыі Башарам Асадам. Па словах беларускага лідара, падчас ягонага апошняга візіту ў Венесуэлу прэзідэнт Уга Чавес прапанаваў знайсці агульныя для Беларусі, Венесуэлы і Сірыі праекты.

Міністры замежных спраў трох краінаў прапрацуюць гэтае пытанне і ў найбліжэйшы час тры прэзідэнты сустрэнуцца ў Дамаску і зацвердзяць гэтыя канкрэтныя праекты супрацоўніцтва, расказаў Аляксандр Лукашэнка. «Аналагічна мы паспрабуем выйсці на цікавыя праекты з Катарам і ажыццявіць іх у найбліжэйшы час», — дадаў кіраўнік дзяржавы, перадае БелТА.

Кажучы пра цяперашнюю сустрэчы ў Мінску прэзідэнтаў Беларусі і Сірыі, Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што будуць вызначаны новыя напрамкі супрацоўніцтва дзвюх краінаў і дадзены новы імпульс двухбаковым адносінам. «Сутнасць візітаў на вышэйшым узроўні палягае ў тым, што мы спрабуем як бы ўскалыхнуць нашыя адносіны, прытым грунтоўна і істотна», — сказаў беларускі лідар.

Асад: Беларусь валодае высокімі эканамічнымі і навуковымі магчымасцямі

У сваю чаргу, прэзідэнт Сірыі Башар Асад заявіў, што Беларусь валодае высокімі эканамічнымі і навуковымі магчымасцямі. Абодва бакі павінны скарыстацца існымі паміж імі добрымі палітычнымі сувязямі на карысць сваіх народаў, сказаў прэзідэнт Сірыі.

«Самае галоўнае — эканамічны бок стасункаў. Вы валодаеце высокімі эканамічнымі і навуковымі магчымасцямі. Абедзве краіны маюць важнае становішча ў сваім рэгіёне», — сказаў Башар Асад. Пры гэтым ён выказаў зацікаўленасць у практычнай рэалізацыі дасягнутых дамоўленасцяў.

Лукашэнка: Беларусь і Сірыя могуць значна прасунуцца ў палітычнай і гандлёва-эканамічнай сферах

Акрамя таго, па словах Аляксандра Лукашэнкі, «у апошні час мы значна прасунуліся ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай сферах у нашых адносінах». «Але гэта амаль нішто ў параўнанні з тым, што мы можам зрабіць сёння», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар звярнуў увагу на падабенства поглядаў Беларусі і Сірыі на светаўладкаванне і лічыць, што краіны сёння могуць зрабіць вельмі многае. «Хачу, каб вы ў выніку гэтага візіту пазнаёміліся з нашай краінай, убачылі яе магчымасці. Усё, што вы захочаце, мы гатовыя рабіць у Сірыі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прэзідэнта Сірыі. Аляксандр Лукашэнка таксама пацвердзіў зацікаўленасць Беларусі ў пашырэнні супрацоўніцтва з Сірыяй па многіх напрамках.

«Мы хацелі б ведаць дасканала магчымасці Сірыі, і, калі Сірыя зацікаўлена па нейкіх кірунках супрацоўнічаць з Беларуссю, вы можаце быць упэўненыя, што мы таксама зробім усё», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. «Вы — нашыя сябры. З сябрамі мы ўмеем будаваць адносіны і гатовыя зрабіць усё, што вы пажадаеце», — заявіў прэзідэнт Беларусі.

Пры гэтым беларускі лідар з задавальненнем канстатаваў наяўныя сяброўскія адносіны паміж дзвюма краінамі. «Пры наведванні Сірыі ў мяне склаліся самыя добрыя ўражанні аб вашай дзяржаве. Я гэта кажу не таму, што гэта трэба сказаць па пратаколе. Я сапраўды люблю вашу краіну, хаця яна вельмі адрозніваецца ад маёй Беларусі. Мне падалося, што там жыве вельмі добры і свабодалюбівы народ», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: рэалізацыя сумесных праектаў будзе садзейнічаць умацаванню бяспекі дзвюх краін

Рэалізацыя сумесных праектаў Беларусі і Сірыі будзе садзейнічаць умацаванню бяспекі дзвюх краін, заявіў беларускі лідар. «У нас ёсць маса праектаў і напрамкаў супрацоўніцтва, рэалізацыя якіх можа ўмацаваць нас, а значыць і нашу бяспеку, і прымусіць іншых нас паважаць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах кіраўніка дзяржавы, беларусы і сірыйцы падобныя тым, што заўсёды змагаліся і змагаюцца за незалежнасць і суверэнітэт сваіх дзяржаў. «І мы гэта робім у нашых інтарэсах, але не на шкоду іншым дзяржавам. Мы нікому не імкнемся навязваць сваю волю», — сказаў прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што як Беларусь, так Сірыя зыходзяць з жадання таго, «каб нашы інтарэсы выконваліся і каб да нашых дзяржаваў ставіліся з павагай, як гэта робім і мы». «Мы выступаем супраць любых спосабаў ціску, якіх-колечы палітычных, эканамічных або, не дай Бог, ваенных. Мы цывілізаваныя людзі і патрабуем да нас цывілізаванага стаўлення. Але сваё шчасце як Беларусь, так і Сірыя могуць знайсці толькі самі і ў супрацоўніцтве паміж сабою, пра што мы дамовіліся з прэзідэнтам Сірыі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу, прэзідэнт Сірыі Башар Асад выказаў салідарнасць з Аляксандрам Лукашэнкам, адзначыўшы неабходнасць супрацьстаяць спробам дыктату з боку іншых дзяржаў. Пры гэтым прэзідэнт Сірыі упэўнены, што неабходна паляпшаць і развіваць адносіны паміж дзяржавамі ў кожным з рэгіёнаў асобна і свеце ў цэлым.

Беларусь і Сірыя падпісалі пакет дакументаў аб супрацоўніцтве

У Мінску ў прысутнасці прэзідэнтаў дзвюх краін Аляксандра Лукашэнкі і Башара Асада па выніках іх перамоваў быў падпісаны пакет дакументаў аб супрацоўніцтве ў розных галінах паміж Беларуссю і Сірыяй.
 
У прыватнасці, падпісана міжведамаснае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне электрасувязі і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў, мемарандум аб узаемаразуменні паміж міністэрствам адукацыі Беларусі і міністэрствам вышэйшай адукацыі Сірыі. Міністэрствы юстыцыі дзвюх краін заключылі мемарандум аб узаемаразуменні па пытаннях супрацоўніцтва.

Акрамя таго, былі падпісаныя мемарандум аб намерах у галіне дыстанцыйнага зандавання Зямлі паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Генеральнай арганізацыяй дыстанцыйнага зандавання Сірыі і выканаўчыя праграмы на 2011-2012 гады аб тэхнічным і навуковым супрацоўніцтве ў галіне сельскай гаспадаркі.

Бакі таксама падпісалі праграму аб рэалізацыі пагаднення паміж Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі Беларусі і Сірыйскай Арабскай арганізацыяй па стандартызацыі і метралогіі аб супрацоўніцтве ў галіне ўзаемнага прызнання вынікаў ацэнкі адпаведнасці.

Как вам новость?